Пятніца — час капаць ямы

На плошчы Свабоды пачалі капаць траншэю. Фота Сержука СераброНа плошчы Свабоды ў Віцебску, дзе раней стаяў кляштар езуітаў і касцёл Святога Язэпа (пазней Свята-Мікалаеўскі сабор) “Віцебскводаканал” аднавіў працы па пракладцы каналізацыі і пры дапамозе экскаватараў капае траншэю.

Працы зноў аднавіліся перад выходнымі. Складваецца ўражанне, што “каналізатары” кожную пятніцу на цэнтральнай плошчы горада спраўляюць нейкі сатанінскі рытуал — на месцы святыні капаюць яму.

Мінская фірма, якая пракладвала дзюкер метадам гарызантальнага бурэння спыніла працы і вывезла тэхніку. Цяпер “Віцебскводаканал” працуе па метадзе “супраць лома няма прыёма” — экскаватарамі пракладаецца адкрытая траншэя ў якую будуць класці трубу. Гэтая траншэя злучыць калодзежы на плошчы Свабоды і вуліцы Леніна і пройдзе такім чынам праз парэшткі будынкаў 18 стагоддзя.

Як паведаміла супрацоўніца ўправы культуры Віцебскага аблвыканкаму Ніна Сулецкая, “Віцебскводаканал” насуперак усяму не збіраецца прыпыняць работы, хаця ня мае на іх адпаведнага дазволу ад Міністэрства культуры. Захады грамадскасці не аказалі на кіраўніцтва “Віцебскводаканала” і горада ніякага ўздзеяння.

У той жа час грамадскасць працягвае спробы негвалтоўнага супраціву разбурэнню гістарычнай спадчыны горад. На 4 чэрвеня запланаваны яшчэ адзін мастацкі пленэр, а ў Жывым Журнале распаўсюджаны заклік сабрацца на супольную малiтву 5 чэрвеня ў 19.00 на плошчы Свабоды!


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць