Канцэрт для “N.R.M.” з аркестрам

Канцэрт N.R.M. у ПолацкуПадзеяй зь вялікай літары стаўся для беларускай музычнай супольнасьці выхад новага альбому гурта “N.R.M.”. Легенды беларускага року пад дзіўнай назвай “ЛявоN.r.m” прэзэнтавалі “06” у Полацку. Перад канцэртам музыкі (Лявон Вольскі, Піт Паўлаў, Алезіс Дземідовіч ды Юрась Ляўкоў) распавялі пра скандалы з апошнім альбомам, раскрылі сакрэт папулярнасьці гіта “Менск і Мінск”, а таксама намякнулі на сюрпрызы, якія чакаюць наведвальнікаў “Басовішча-2007”.
Канцэрт N.R.M. у Полацку

Пра новы альбом:

Лявон: Мы зараз працуем з прыўзьнятым настроем, бо толькі што трапіў у продаж новы альбом. Праўда, ні прэс-канфэрэнцыі, ні прэзэнтацыі яшчэ не было. Называецца альбом “06”, у ім чатырнаццаць песень. Запісвалі яго цэлы год на адной зь менскіх студыяў.

Піт: Тэхналёгія гэтага запісу адрозьнівалася ад усіх папярэдніх. Галоўным дасягненьнем зьяўляецца тое, што мастэрынг – фінальная апрацоўка гуку – рабіўся ў Гётэборгу, у аднаго з найлепшых эўрапейскіх спэцыялістаў у гэтай галіне. Генрыка Ліпа нам параілі нашыя польскія сябры. Трэкі дасылаліся ў Швэцыю па Інтэрнэце, а адтуль нам перадалі сапраўдны майстар-дыск. Аднак яны чамусьці пераблыталі парадак песень, памяняўшы першую і другую мейсцамі. Да таго часу, як мы атрымалі апрацаваны запіс, ужо надрукавалі вокладку, таму мы вымушаны былі папрасіць яшчэ адзін майстар-дыск.

Лявон: Суправаджалі нас розныя такія сюрпрызы… Калі падавалася, што ўсё гатова – ізноў нейкая недарэчнасьць.

Піт: Заплянаваныя маштабныя прэзэнтацыі ў Польшчы. У Беларусі будуць маленькія канцэрцікі, прычым, мяркуючы па рэкляме, не зьвязаныя з прэзэнтацыяй новага дыска, а проста… “Лявоn.r.m”. (усе сьмяюцца). Прыдумалі для такіх канцэртаў класную назву “Сябры-Песьняры”.

Пра канцэпцыю:

Алезіс: Мы пачалі рабіць альбом у 2006 годзе, і ён стаўся шостым па ліку. Так перасекліся гэтыя дзьве лічбы. Сама шасьцёрка сымбалізуе шэсьць накірункаў у прасторы: уверх, уніз, налева, направа, наперад, назад.

Лявон: У гэтым альбоме мы карыстаемся музычнымі стылямі, каб данесьці думку. Прынамсі, хочацца ў гэта верыць.

Піт: Мы распрыгоніліся ў сэнсе стылю, адышлі ад суцэльнага поп-панку. Выбар залежыць ад таго, якія думкі, пачуцьці трэба выказаць. Нас заўсёды адрозьнівала эклектычнасьць творчасьці, але тут музычны напрамак падкрэсьлівае, узмацняе сам па сабе тэкст. Так, дваровая, альтаначная песьня (“Менск і Мінск”) ператварылася ў рок-баляду толькі дзякуючы выкананьню.

Пра “Менск і Мінск”:

Піт: На мой погляд, існуюць два складнікі посьпеху гэтай песьні. Па-першае, яна пісалася стылізавана, у “пад’ездным” стылі, мэлёдыя яе вельмі простая і запамінальная. Па-другое, тэкст надзвычай актуальны. На нашых вачох зьнікае Менск, і нават Мінск ператвараецца ў нешта незразумелае (тут Піт распавёў анекдот пра Рамана Абрамовіча і Нацыянальную бібліятэку). Тэма цікавіць ня толькі менчукоў, бо цяпер па ўсёй Беларусі немаведама што робіцца…

Пра “Басовішча”:

Лявон: Нам паступалі прапановы, і мы, хутчэй за ўсё, згодзімся. Можа, чым-небудзь і зьдзівім слухачоў. Нашыя італьянскія сябры з “Аркестра Артура П’яца”, якія прыяжджалі на некалькі апошніх фэстаў, жадаюць супольна з намі выканаць некалькі песень.

Піт: “N.R.M.” з аркестрам.

Лявон: Хачу даць надзею, і сабе ў тым ліку, што мы ня будзем выступаць у 3-4 гадзіны раніцы. Будзем спадзявацца, пабачымся на “Басовішчы”.


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць