Віктар Клімчук — першы ў Беларусі ўладальнік “Маленькага прынца”

Мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук стаў лаўрэатам XIV Міжнароднага фестывалю дзіцячых тэатраў, які прайшоў у Субоціцы (Сербія) напрыканцы траўня.

Рэжысёру ўручылі адна з самых прэстыжных узнагарод форума – “Маленькі прынц”, ім узнагароджваецца штогод самаму яркаму тэатральнаму дзеячу (гэта статуэтка Маленькага прынца працы вядомага сербскага скульптара Міё Міюскавіча).

Гэтым прызам Віктар Ігнатавіч адзначаны за шматгадовую працу па развіццю культуры і тэатральнага мастацтва дзеля дзяцей, а таксама за вялізарны асабісты ўклад у развіццё фестывалю ў Субоціцы, і ўзмацненне культурных сувязяў паміж Сербіяй і Беларуссю. У ліку лаўрэатаў гэтай узнагароды – Альбэрт Розэр (Германія), Генрык Юркоўскі (Польша), Ёзэф Крофта (Чэхія), Маргарыта Нікалеску (Францыя), Янаш Мэцнэр (Венгрыя).

Упершыню калектыў “Лялькі” удзельнічаў у фестывалю ў Субоціцы ў 1999 годзе (праз 100 дзён пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў Сербіі), тады спектакль Віктара Клімчука “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка” атрымаў гран-пры. А праз год пастаноўка “Чароўная зброя Кэндзо” была адзначаная прызам “За высокія мастацкія дасягненні”. Сам Віктар Ігнатавіч ужо некалькі год з’яўляецца членам журы сербскага фестывалю, а таксама вядзе селекцыйную работу – праглядвае і рэкамендуе калектывы, вартыя ўвагі, да ўдзелу ў фестывалю.

Віншуем Віктара Ігнатавіча з такой прэстыжнай узнагародай!

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ