У Докшыцах на магілах камісараў пабудуюць аўтастаянку
У Докшыцах сёлета плянуюць урачыста адзначыць 600-годдзе з даты першага ўпамінання пра гэтае паселішча. Да гэтай падзеі прымеркаваныя работы па добраўпарадкаванні цэнтра горада. Сярод планаў – перанос аўтастаянкі з пляцоўкі перад райвыканкамам ў сквер паміж вуліцай Піянерскайі агароджай Свята-Пакроўскай царквы.
Гэта вельмі зручнае месца, аднак у гэтым скверы знаходзіцца магіла старшыні валаснога рэвалюцыйнага камітэта Ісака Ванта, ваеннага камісара Івана Клімко і чырвонаармейскага камісара Мікалая Кузняцова, якія былі расстраляныя ў жніўні 1919 года польскімі вайскоўцамі. Палякі на месцы іх магілы збудавалі помнік Пілдсудскаму. Савецкая ўлада знесла гэты помнік, аднак магілу не ўвекавечыла, хоць, па некаторых звестках, напрыканцы 1970-х гг. тут планавалі паставіць мемарыяльны знак. Зараз магілу могуць закатаць пад асфальт.
Распавядае краязнаўца Кастусь Шыталь:
- Архітэктары, якія распрацоўвалі праект, ды і прадстаўнікі ўлады, мабыць, ня ведалі, што стаянку будуюць на магіле. Ва ўсялякім разе, калі я пайшоў у аддзел ідэалогіі райвыканкама, там сказалі, што яны нічога яшчэ не ведаюць. Я ім намаляваў план, дзе знаходзіцца тая магіла і яны сказалі, што будуць разбірацца. Бальшавікі ж таксама людзі, і на іх касцях будаваць нельга.