У тэатры “Лялька” адбылася прэм’ера японскай казкі

Жураўлінае Пяро. Фота Таццяны СалаўёвайПрэм’ера спектакля “Жураўлінае пяро” паводле японскай казкі Дзюндзі Кінасіта адбылася 10 ліпеня ў Беларускім тэатры “Лялька” у Віцебску. Гэта новая пастаноўка Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктара Клімчука. Каларытны, дастаткова складаны, багаты на алегорыі спектакль адрасаваны перш за ўсё падлеткам і даросламу гледачу.

П’еса “Жураўлінае пяро” вельмі папулярная ў Японіі, у яе аснову пакладзены сюжэт з японскага фальклору. На матэрыяле п’есы сучаснага японскага драматурга рэжысёр востра паднімае праблему перавагі духоўных каштоўнасцей перад матэрыяльнымі, узвышэнне кахання над знешняй прывабнасцю багацця. Гэта робіць пастаноўку незвычайна актуальнай і дае ёй шанс на доўгае жыццё.

Па сюжэту, беднаму селяніну Сато раптам так заслала вочы ззянне багацця, што ён па-сутнасці здрадзіў свайму каханню. Гераіне казкі Ацумі, ягонай жонцы, спачуваюць і дзеці, і дарослыя, у кожнага быццам бы ўзнікае жаданне змяніць фінал казкі (Ацумі ператвараецца назаўсёды ў жураўля). Пытацца праз душы і сэрцы людзей змяніць свет, у якім зло перамагае дабро,— мабыць, ў гэтым місія тэатральных творцаў і наогул прызначэнне тэатра, і раз прабудзіліся ў гледачоў спектакля спачуванне і боль, значыць яны зразумелі галоўную думку рэжысёра, значыць ён дасягнуў сваёй мэты.

У спектаклі створана каларытная нацыянальная атмасфера краіны Узыходзячага сонца, перададзена абстаноўка, у якой нарадзілася казка, яе расказвалі ў даўнія часы ў горных паселішчах Японіі доўгімі зімовымі вечарамі пад шум кроснаў. Дзеянне адбываецца на фоне зімовага пейзажа, пад гукі японскай песні, якая імітуе гукі ткацкага станка: “Чын-кара, кан-кара, тон, тон, тон...”

Лялькі і касцюмы і сцэнаграфія створаны мастакамі Алесем і Ганнай Сідаравымі, музыку да спектакля напісаў Алег Залётнеў. Танцы ў выкананні акцёраў ставіла Надзея Благадацкіх. У спектаклі заняты акцёры Юрась Франкоў, Ганна Сцепанец, Алесь Маханькоў, Юрась Сяменчанка, Вольга Корзун, Вольга Лазебная і іншыя.

Японскія народныя песні ў спектаклі гучаць у выкананні вучняў віцебскай сярэдняй школы №33 з музычным ухілам.

Спектакль “Жураўлінае пяро” будзе прадстаўлены шырокаму гледачу ў пачатку новага тэатральнага сезона.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ