Беларускія артысты спявалі пад фанеру, а расійскія – “ужывую”

Прывітанне з космасу стала не адзіным сюрпрызам для публікі, якая 12 ліпеня прыйшла на гала-канцэрт майстроў мастацтваў Расіі . Адметна, што гэты канцэрт адрозніваўся ад іншых тым, што артысты на ім спявалі без фанеры, у рэжыме жывога гуку. Канцэрт адпаведна так і называўся – “Жывая музыка Расіі”.

“Жывы гук рэзка зніжае ўдзел зорак у праграме, таму гледачы не ўбачаць некаторых сваіх куміраў. Магчыма, хтосьці палічыць наш канцэрт крыху “савецкім”, але мы імкнуліся паказаць у ім таленавітую Расію, – распавёў журналістам незадоўга да пачатку гала-канцэрта расіян ягоны рэжысёр Рудольф Саркісаў.

Калі шчыра, “савецкім” гэты канцэрт не падаўся, наадварот. Папулярныя оперныя арыі ў сучаснай апрацоўцы прагучалі ў выкананні салісткі Бальшога тэатра Карыны Сербінай. У новай якасці – спевака – перад віцебскімі гледачамі паўстаў вядомы кінаакцёр Дзмітрый Дзюжаў. Выдатна заводзіў зал Аляксандр Буйноў.

Прыемна было чуць жывы голас Лаліты. Яна, дарэчы, ўвесь час рабіла кампліменты маэстра Барысу Фрумкіну – дырыжору Дзяржаўнага камернага аркестра джазавай музыкі імя Алега Лундстрэма. Гэты шыкоўны аркестр суправаджаў выступы ўсіх удзельнікаў канцэрта. І хоць у яе ніхто не пытаўся, Лаліта прызналася, колькі ёй гадоў. “Мне 43 гады і сем месяцаў”, – такі дакладны ўзрост спявачкі. Яшчэ Лаліта паведаміла, што была замужам чатыры разы, і не хавала, што не супраць знайсці пятага мужа. Але, узброеная такім багатым вопытам, усё ж такі пажадала маленькай дзяўчынцы, што падарыла ёй кветкі, знайсці шчасце ў замужжы з першага разу.

Царственная Тамара Гвердцытэлі спела пра цяжкую “бабью долю на Руси”. Са словаў спявачкі, песня “Бабья доля” упершыню прагучала менавіта на гэтым канцэрце.

Адным словам, расійскія артысты, якія паказалі сапраўдныя магчымасці свайго голасу, былі на вышыні. І таму стала неяк няёмка за айчынных зорак – Анжаліку Агурбаш, Алесю, Алену Грышанаву, Пятра Ялфімава, Дзмітрыя Калдуна, Ларысу Грыбалёву, Паліну Смолаву і іншых, хто спяваў 7 ліпеня на гала-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі пад фанаграму.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць