На Крапівенскім полі ўсталявана памятная шыльда

На знакамітым Крапівенкім полі ў Аршанскім раёне ўсталявалі памятную шыльду ў гонар беларускіх ваяроў, якія 8 верасня 1514 года здабылі тут бліскучую перамогу над маскоўцамі.

На шыльдзе з чорнага граніту па прапанове пісьменніка Уладзіміра Арлова высечаныя словы: “Вечная слава героям Аршанскай перамогі 8 верасня 1514”. Аўтар эскіза памятнага знака – вядомы мастак Алесь Пушкін. Па ягонай задуме, шыльда з надпісам і гербам “Пагоня”, які адпавядае стылю XVI стагоддзя, усталявана на прыродным помніку – вялікім камяні з чырвонага граніту, што ляжыць на беразе рэчкі Крапівенка. У вышыню валун дасягае амаль паўметра, а ў шырыню 80 сантыметраў.

Урачыстае адкрыццё памятнага знака павінна адбыцца 8 верасня – падчас трыдыцыйнага фестываля беларускай бардаўскай песні і паэзіі “Аршанская бітва-2007”, які сёлета пройдзе ў сямнаццаты раз.

Нагадаем, што ў пабаявішчы, якое ўвайшло у гісторыю пад назвай бітва пад Воршай, удзельнічала 30-цітысячнае войска Вялікага княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астрожкім, якое было ўтрая меншае за войска ворага.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ