РНЕ пагражае… Мірону

Чацвёра актывістаў віцебскай гарадской арганізацыі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ атрымалі лісты з пагрозамі ад незарэгістраванай арганізацыі «Русское национальное единство» (РНЕ). Лісты прыйшлі ў мінулую пятніцу па пошце на хатнія адрасы вядомага ў горадзе апазіцыянера Барыса Хамайды, а таксама ягоных калег Яна Дзяржаўцава, Сяргея Каваленкі і Яна Таўпыгі. Цікава, што да кожнага з адрасатаў невядомыя звяртаюцца як да «Мірона».

«Там так і напісана: «Мирон! Если ты еще раз вывесишь в нашем городе свою бело-красно-белую тряпку, мы тебя обязательно накажем», – цытуе Б.Хамайда. Па ягоных словах, лісты напісаны не звычайным почаркам, а друкаванымі літарамі. Пры гэтым на паштовых канвертах – малюнак, які нагадвае, што сёлета адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта Янкі Купалы. У гэтым Б.Хамайда таксама бачыць здзек над нацыянальнымі святынямі.

«Гэтыя пагрозы, натуральна ж, не спыняць Мірона, бо гэта легендарная і няўлоўная фігура. Гэта народны вобраз героя, які змагаецца за незалежнасць і свабоду сваёй Бацькаўшчыны. Таму бел-чырвона-белыя сцягі як з’яўляліся, так і будуць з’яўляцца, і не толькі ў Віцебску, але і ў іншых гарадах Беларусі”, – лічыць Б.Хамайда.

Па ягоных словах, звяртацца ў міліцыю і пракуратуру збіраецца толькі адзін з тых, хто атрымаў ліст, – Ян Дзяржаўцаў. Астатнія лічаць гэта дарэмнай стратай часу. Нагадаем, што лісты з пагрозамі ад РНЕ у розны час летась атрымалі рэдакцыя незалежнай газеты «Витебский курьер», старшыня гарадской арганізацыі АГП Алена Залеская і загадчыца літаратурнай часткай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа Вікторыя Дашкевіч. Ва ўсіх выпадках прадстаўнікі закона на іхнія заявы з нагоды атрымання пагроз прыслалі звычайныя адпіскі і не знайшлі тых, хто адпраўляў лісты.

Што тычыцца бел-чырвона-белых сцягаў, то ў Віцебску гэта ўжо традыцыя. Перыядычна, раз ці два разы на месяц, іх вывешваюць у розных месцах горада, звычайна цяжкадасягальных. Як правіла, гэта здараецца напярэдадні нацыянальных святаў і адметных гістарычных падзей. Пры гэтым невядомы герой заўсёды пакідае занатоўку з подпісам “Мірон”.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць