Рэкалекцыі для каталіцкай моладзі

Далёка не ўсе маладыя людзі ў сённяшні час бачаць сэнс жыцця ў збіранні грошай ды ў забавах. Ёсць і сярод сённяшняй моладзі людзі, якія сур’ёзна задумваюцца над сэнсам свайго жыцця, над тым, дзеля чаго і дзеля Каго яны жывуць.

Чалавек заўсёды шукае прыгодаў, асабліва, калі ён яшчэ малады, калі ёсць на гэта час, калі ёсць прага даведацца аб чымсьці новым. Нездарма мы маем лета, калі і дзеці, і бацькі, і сябры, і суседзі ўсё часцей і часцей пытаюцца: “А ці не паехаць гэта на адпачынак за мяжу, а ці не наведаць табе, сынку, дачка, які летнік, ці, можа, да бабулі ў лясы і на азёры?” Для часткі моладзі існуе яшчэ адзін варыянт, дзе б правесці некалькі дзён адпачынку: “Мабыць, на рэлігійныя рэкалекцыі?” Кагосьці гэта асвятляе радасцю і цікавасцю, кагосьці такая прапанова адпуджвае, а хтосьці ўсё ж такі вырашае некалькі вольных дзён прысвяціць больш глыбокаму пазнанню Бога. І, ведаеце, гэта я ўжо па сваім вопыце магу сказаць, што тыя, хто выбар ставіць на Бога, заўсёды вяртаюцца не проста шчаслівымі, але новымі людзьмі, больш чулымі і з добрым, лагодным бляскам ў вачах.

Такія вось рэкалекцыі для моладзі прайшлі нядаўна ў адной з вёсак Віцебскай вобласці. Кожны іх удзельнік знайшоў тут для сябе нейкі цуд, адкрыў новую таямніцу. Можна сказаць, людзей сабралася зусім няшмат: дванаццаць маладых сэрцаў, што жадалі нейкіх змен ў духоўным жыцці, змен у саміх сабе, жадалі простага адпачынку. Але Бог меў на гэта свае планы.

Кожны дзень рэкалекцый распачынаўся з малітвы пад вясковым крыжам. Пад гукі птушыных спеваў і шолаху дрэваў моладзь малілася і спявала песні. Вельмі важнай часткай нашага дзённага распарадку была канферэнцыя, а пасля яе - разважанні, калі кожны мог пайсці і ў адзіноце разважаць над сваім жыццём, над тым, што дае яму Бог, над тым, што ён мае ў сваім сэрцы. Такія разважанні дапамагаюць зразумець сапраўдны вобраз Бога, Які стварыў чалавека з любові, і Які памёр на крыжы дзеля чалавека. Але любоў Божая заклікае нас пастаянна змяняцца і ўдасканальвацца. Кожны чалавек з’яўляецца дзіцём Божым і павінен быць тым, кім стварыў яго Айцец, а не ісці за спакусамі д’ябла, якія ніколі не даюць ні супакою, ні шчасця, ні радасці.

Падчас рэкалекцый многія “знайшлі сябе”. А “знайшлі сябе”, найперш таму, што пачалі спазнаваць Бога, Які стварыў чалавека паводле Свайго вобразу і падабенства. Трое чалавек першы раз ў сваім жыцці прынялі Святую Камунію, перад гэтым ачысціўшы свае засмяглыя сэрцы праз споведзь.

Таксама значнай падзеяй нашых рэкалекцый быў крыжовы шлях, што праходзіў па сцежцы ад возера, увысь па пагорках да мясцовых могілак. Быў падвячорак, ужо заходзіла сонца. Адзін з хлопцаў нёс крыж, зроблены ўласнымі сіламі. Крыж быў вельмі незвычайны. Як сімвал Уваскрослага Хрыста, на ім быў выразаны ўзор у выглядзе пялёсткаў, жывых пялёсткаў. Падчас крыжовай дарогі кожны змог асаблівым чынам паглядзець на Хрыста, паглядзець на тых, хто ішоў ў натоўпе, хто быў побач, і вырашыць: “Кім жа з’яўляюся я: баязліўцам Пілатам ці мужнай Веранікай, сляпым жаўнерам ці Сымонам, цяжарам Хрыстовага крыжа ці чысцінёй палатна Веранікі?” Кожны спытаў сваё сэрца, сваё сумленне: “ Дзе маё месца на той дарозе?” У нас было больш, чым звычайна, стацый, разважанні на якія мусіў кожны прыдумаць сам. 18 стацый – 18 дакрананняў да Божай Любові.

Для моладзі адпачынак такога кшталту - вельмі патрэбная і часам вельмі радыкальная рэч. Радыкальная, бо можа вельмі моцна змяніць твае погляды ў накірунку Праўды.

Чытайце яшчэ