Палачане просяць усіх беларусаў ахвяраваць на помнік князю Усяславу Чарадзею

Сёння а 14 гадзіне ў Полацку адбудзецца ўрачыстае адкрыццё помніка князю Усяславу Чарадзею – таленавітаму дзяржаўнаму дзеячу і палкаводцу, які кіраваў Полацкім княствам з 1044 па 1101 год, і пры якім яно дасягнула найвышэйшага росквіту і магутнасці. Але збор сродкаў на манумент яшчэ не скончыўся. І палачане просяць усіх беларусаў ахвяраваць на помнік.

Як паведаміў галоўны спецыяліст па абаронна-мабілізацыйных пытаннях Полацкага гарвыканкама Станіслаў Красоўскі, на стварэнне помніка «не пайшло ні адной капейкі бюджэтных грошаў – ён будуецца на спонсарскія сродкі і прыватныя ахвяраванні грамадзян». Усяго патрабуецца прыкладна 300 мільёнаў рублёў. «З патрабуемай сумы на дадзены момант сабрана каля 200 мільёнаў рублёў. Таму палачане вырашылі звярнуцца за дапамогай да жыхароў усёй Беларусі. Для гэтага створаны пазабюджэтны рахунак на ўзвядзенне помніка», – паведаміў спецыяліст.

Усе жадаючыя могуць пералічыць сродкі на транзітны рахунак фінансавага аддзела Полацкага гарвыканкама №3602305000009 у філіяле №216 АСБ «Беларусбанк», код банка 150801648 УНП 300083945, прызначэнне плацяжу 03107 з паметкай «на помнік».

С.Красоўскі адзначыў, што ў Полацкім гарвыканкаме складаецца падрабязны спіс усіх ахвяравальнікаў – грамадзян і арганізацый. Плануецца, што гэты спіс будзе закладзены ў падножжа помніка разам са зваротам да нашчадкаў.

Як мы ўжо паведамлялі, конную статую легендарнага князя ўстановяць на перакрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Еўфрасінні Полацкай. Гэта месца было вызначана падчас грамадскага абмеркавання, якое праходзіла ў Полацку сёлета ў траўні.

Скульптура вагай 4,5 тоны была адліта ў Мінску на прыватным прадпрыемстве «Литейный двор». Аўтар мастацкай кампазіцыі сталічны скульптар Аляксандр Прохараў.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ