Мірон уздыме сцяг над будынкамі беларускага парламенту і ўраду

Як стала вядома нашай рэдакцыі з крыніц, вартых даверу, напярэдадні свята Беларускай вайсковай славы на адной з кватэр у Віцебску легендарны Мірон правёў сустрэчу з групай моладзі. На працягу гадзіны абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў краіне. Напрыканцы ён адказаў на некалькі пытанняў. На электронны адрас «Народных навінаў Віцебска» прыйшла стэнаграма гэтага імправізаванага інтэрв’ю. Падаем тэкст у тым выглядзе, як атрымалі.


— Шаноўны спадар Мірон! Я так разумею, што на гэтай сустрэчы выпадковых людзей няма. Чаму, знаходзячыся сярод сяброў, Вы хаваеце свой твар?

— Існуе пэўная дамоўленасць, што я не павінен раскрываць свой твар, пакуль да ўлады не прыйдзе ўрад нацыянальнага даверу. І калі асабіста мне будзе даручана ўрачыстае ўзняцце беларускага сцягу над парламентам і Домам ураду, я выканаю пастаўленую задачу. Магу раскрыць адну таямніцу: такі сцэнар ужо распрацаваны. Вось тады, магчыма, і адкрыецца маё сапраўднае аблічча.

- Чаму «магчыма»? Што, і тады будуць існаваць нейкія перашкоды?

— Я не ўпэўнены, што ў будучым Мірона трэба атаясамліваць з пэўным тварам. Легенда Мірона ўжо даўно не належыць асабіста мне і тым, хто быў побач са мной усе гэтыя змагарныя гады. Ніхто не мае права на прыватызацыю легенды. Яна належыць беларускаму народу. Мільёнам беларусаў, загінуўшым за волю і незалежнасць Радзімы і мільёнам яшчэ ненароджаным беларусам.

Беларуская зямля і народ, які жыве на ёй — гэта боскія праявы, гэта катэгорыі вечнасці. Да катэгорыі вечнасці, на маю думку, належыць і легенда пра няўлоўнага Мірона. Як стагоддзямі крыж Ефрасінні Полацкай, зроблены вялікім майстрам Лазарам Богшам, ахоўваў нашу святую зямлю, так і легенда пра Мірона паспрыяе ўсталяванню моцнай, заможнай і квітнеючай беларускай дзяржавы.

- Вы можаце трошкі распавесці пра сябе?

— Калі задаецца такое пытанне, то заўсёды ўзнікаюць асацыяцыі: дзе нарадзіўся, калі хрысціўся, з кім ажаніўся і гэтак далей… Сёння магу паведаміць толькі тое, што я беларус, нарадзіўся на Віцебшчыне і люблю Радзіму. Больш дакладныя звесткі агучу пасля нашай агульнай перамогі.

- Якімі, на Ваш погляд, павінны быць першыя крокі ўраду нацыянальнага даверу?

— Першае, што павінен зрабіць урад нацыянальнага даверу — гэта даць палітычную і юрыдычную ацэнку так званым рэферэндумам, што адбыліся ў траўні 1995 і ў лістападзе 1996 гадоў. Дзвюм самым ганебным з’явам у тысячагадовай гісторыі краіны. Інакш крочыць наперад немагчыма. Павінен быць створаны прэцэдэнт на стагоддзі наперад. Каб у будучых кіраўнікоў дзяржавы не ўзнікала спакусы праводзіць такія эксперыменты над цэлым народам. Гэтыя «рэферэндумы» яшчэ дзесяцігоддзямі будуць негатыўна адгукацца на нашым шляху.

- Як Вы можаце ахарактарызаваць палітычную сітуацыю ў краіне?

— Шмат хто так і не зразумеў, што адбылося пасля так званага рэферэндуму ў лістападзе 1996 года. На наступны дзень людзі прачнуліся ў зусім іншай краіне. Прыпынілася дзейнасць легітымнай Канстытуцыі 1994 года. Беларусь трапіла ў «чорную дзірку». Кажучы словамі Гамлета, «парвалася сувязь часоў». Для законапаслухмяных грамадзян час спыніўся.

Вынікі плебісцыту не прызнаныя міжнародна-прававымі структурамі па сённяшні дзень. Мне могуць запярэчыць: Захад нам не ўказ. У дадзеным выпадку — указ. Распрацоўшчыкі канстытуцыі 1996 года ў артыкуле 8 запісалі: «Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства». Гэта азначае: альбо прыводзіце вашу канстытуцыю ў адпаведнасць з міжнароднымі патрабаваннямі, альбо рукі за спіну — і без прамаруджвання ў Гаагу. Залічыцца за яўку з павіннай.

У ліпені 1999 года апошняя галіна ўлады — прэзідэнт — страціла легітымнасць. Сёння ў краіне, нягледзячы на правядзенне шматлікіх выбарчых кампаній, легітымнай улады няма. У краіне валадарыць не сіла законаў, а закон сілы. Гэта, на мой погляд, павінны разумець два чыноўнікі высокага рангу, бо яны па адукацыі прафесійныя юрысты: старшыня Канстытуцыйнага суда — Рыгор Васілевіч і старшыня цэнтрвыбаркама — Лідзія Ярмошына.

- Якой павінна быць тактыка змагання ў дадзеных умовах?

— Трэба вызначыцца ў галоўным пытанні: ці прызнаеш вынікі так званага рэферэндуму ў лістападзе 1996 года? Ад адказу на яго будзе залежыць і тактыка дзеянняў. Не прызнаеш — не ўдзельнічай у псеўдавыбарах любога маштабу. Прызнаеш — ідзі на Карла Маркса, 38 прасіць пасаду. Калі добра пакаешся, маеш шанец.

Але ў нетрах апазіцыі вылупілася кагорта хітрых, якія на словах вынікі лістападаўскай падзеі не прызнаюць, а на справе актыўна ўдзельнічаюць у палітычных кампаніях рэжыму, заклікаючы выбаршчыкаў з’явіцца на выбарчыя ўчасткі і сказаць сваё рашучае «не». Гэта значыць дапамагчы ўладзе забяспечыць яўку электарату і пры поўнай закрытасці выбарчага працэсу ператварыць рашучае «не» ў яшчэ больш рашучае «так». Потым, каб неяк адмыцца ад гэтага бруду, яны выходзяць на вуліцы і плошчы нашых гарадоў і пачынаюць галасіць, што выбары былі несумленнымі і нельга іх прызнаць легітымнымі.

Не, шаноўнае спадарства! З пазіцыі ўлады выбары былі легітымныя, і стварыць фіктыўную легітымнасць дапамаглі сваімі паводзінамі менавіта вы. Далейшыя дзеянні ўлад па ўтаймаванні ўсіх дэмагогаў таксама выглядаюць паслядоўнымі. Калі пачаў гуляць па воўчых правілах, то павінен разумець, што нельга выходзіць за чырвоныя сцяжкі. Інакш атрымаеш у пысу.

- Але ж сярод аб’яднанай апазіцыі чуюцца галасы «трэба нешта рабіць»?..

— Сур’ёзныя палітыкі павінны кіравацца інтарэсамі Беларусі. Радзіма для нас усё, мы без яе — нішто. А калі эфемернае «нешта рабіць» важней за беларускую справу, то бяры рыдлёўку і капай яму. Які сэнс? Можа, твой вораг выпадкова трапіць у гэтую пастку. А калі на скрут галавы будзеш бегаць па фуршэтах і пікніках — сам туды ўвалішся. І неяк раніцай, уключыўшы на кухні свой прыймач, пачуеш словы дыктара: «Доброе утро, жители Северо-Западного края»… У палітыцы дробязяў не бывае.

- Дык значыць, усё ж такі байкот?

Калі няма рэальных выбараў, грамадства, каб канчаткова не дэградаваць, проста абавязана паслаць сігнал уладзе ў выглядзе байкоту. Хай ведае, што тут таксама не «лохі» жывуць. Можа надарыцца, што тады і на плошчу не давядзецца выходзіць.

Уявіце сабе, як у дзень галасавання да выбарчых урнаў ідуць нешматлікія пенсіянеры з устойлівымі савецкімі звычкамі. Ва ўрадавых кабінетах пачынаецца паніка. У буфетах шмат таннай гарэлкі і каўбасы, а на выбарчых участках амаль нікога. Цішыня, як на могілках. Але сапраўдны жах пачынаецца, калі сябры выбарчых камісій з пераноснымі скрынямі для галасавання амаль нікога не знаходзяць у прыватных дамах і кватэрах. Дзе выбаршчыкі? Прагульваюцца па вуліцах, і ніхто не можа спрагназаваць іх наступны крок. Бо не стала электарату, з’явілася нацыя, народ.
Фантастычны сцэнар? Мяркую, ён больш рэальны, чым вера ў поспех пры ўдзеле ў выбарчых прафанацыях. Калі б пасля 1996 года не тлумілі людзям галовы аб’яднанымі кандыдатамі, выцягваючы іх з немаведама якіх рукавоў, а змагаліся за вяртанне краіны на канстытуцыйныя рэйкі, мелі б іншы вынік. Сто гадоў будзем хадзіць да выбарчых скрыняў з аднолькавым вынікам, пакуль не зменім тактыку дзеянняў. Пачытайце прыпавесць Васіля Быкава «Пахаджане», там цэлы народ па замкнутым коле блукае.

Трываласць дзяржавы заўсёды забяспечвалася ўладай не хама і нахабніка, не шэрасці і пасрэднасці, не хлуса і дрымучага невука, а нацыянальнай эліты ў найлепшым сэнсе гэтага слова. Калі адбывалася наадварот, знікалі народы і разбураліся дзяржавы. Адказнасць за будучыню беларускай нацыі і дзяржавы кладзецца на ўсіх нас.

Чытайце яшчэ