Фэст “Аршанская бітва” усё ж адбыўся

Як ужо паведамлялі «ННВ», на месцы гістарычнай бітвы пад Воршай учора адбыліся масавыя затрыманні моладзі, якая прыехала сюды на свята беларускай аўтарскай песні і паэзіі «Аршанская бітва-2007». Нягледзячы на міліцэйскі шмон, фэст усё ж такі адбыўся. Але сёння зранку міліцыянты зноў з’явіліся на Крапівенскім полі. Правяралі пашпарты, перапісвалі дадзеныя. У выніку ў Аршанскім РАУСе апынуліся яшчэ каля 20 чалавек.

Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя», сярод затрыманых мастак Алесь Пушкін, бард Андрэй Мельнікаў. Затрыманы ўчора сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі будзе знаходзіцца ў пастарунку да заўтра, яго абвінавачваюць у хуліганстве. Па словах Паўла Севярынца, учора ў Оршы адбылася бойка паміж маладафронтаўцамі і міліцыянтамі. Канешне, гэта не было падобна на бітву нашых продкаў з маскоўцамі, тым не менш маладафронтаўцы, напэўна ж, ганарацца — аднаму з міліцыянтаў падрапалі руку. Садоўскі таксама атрымаў пашкоджанні.

Міліцыя затрымала нават машыну з дровамі, якія везлі для вогнішча на Крапівенскае поле. Як мы ўжо паведамлялі, ад кіроўцы патрабавалі таварна-транспартную накладную на гэтыя дровы. Машыну дагэтуль правяраюць і знаходзіцца яна ў Дуброўне.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ