Маладыя беларускія рок-гурты не жадаюць спяваць па-беларуску

Летась аргкамітэт фестываля “Рок-Кола” зрабіў умовы удзелу гуртоў у конкурсе больш жорсткімі: хаця б адна з песень у іхнім рэпертуары павінна быць на беларускай мове. Дырэктар і заснавальнік фестываля Сяргей Анішчанка ў інтэрв’ю БелаПАН падкрэсліў, што беларускія гурты з незадавальненнем адносяцца да гэтай умовы, а вось расійскія, як ні дзіўна, выконваюць песні па-беларуску з жаданнем.

Дырэктар фестываля паведаміў, што пасля мінулагодняга сумнага вопыту з выступленнем гурта "Алиса" на закрыцці форуму, калі пераможцам конкурса забаранілі іграць на настроеных пад гасцей інструментах, сёлета фестываль абыйдзецца без гучных імёнаў. Ужо вядома, што згоду на выступленне далі вядомыя беларускія гурты “Крама”, якая прыедзе на фестываль з новым альбомам, і “Vicious Crusade”, чые канцэрты ў Беларусі досыць рэдкія.  Па словах С.Анішчанкі на сёння асноўная праблема – пошук сродкаў: “У бюджэце фестываля пакуль ні капейкі”.

Фестываль “Рок-Кола” ужо ў 17-ты раз пройдзе ў спартова-культурным комплексе “Полацк-Шкловалакно” 26-27 кастрычніка. Заяўкі на ўдзел у ім прымаюцца да 13 кастрычніка ўключна.

Аргкамітэт ужо прыняў 20 заявак ад маладых гуртоў. Іх падалі калектывы з Мінска, Гродна, Магілёва. Але ні адной пакуль не паступіла ад мясцовых – полацкіх і наваполацкіх – гуртоў. Вялікая цікавасць сёлета ў музыкантаў з Расіі – заяўкі прышлі з Калугі, Пярмі, чатыры – ад гуртоў са Смаленска.

Паводле БелаПАН.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць