Тота Кутуньё спяваў па-беларуску

На сваім сольным канцэрце, які адбыўся 22 верасня ў Летнім амфітэатры ў межах “Вялікіх гастроляў ОНТ”, зорка італьянскай эстрады Тота Кутуньё надзвычай здзівіў віцебскую публіку. Сусветна вядома артыст пад канец свайго выступлення раптам заспяваў... па-беларуску.

У выкананні маэстра прагучала песня, якую ці не напамяць ведае кожны беларус, – “Вы шуміце, бярозы” з рэпертуара ансамбля “Сябры”. І, напэўна, вывучыць гэту песню артысту было няцяжка: нездарма ж кажуць, што беларуская і італьянская мова – самыя спеўныя ды мілагучныя ў свеце. Знакаміты спявак, па ўсім, добра падрыхтаваўся да сустрэчы з беларускімі слухачамі. Яны, дарэчы, падпявалі яму не толькі “Вы шуміце, бярозы”, але і “Soli”, “Litaliano” ды іншыя хіты, хай сабе і на дрэннай італьянскай.

Яшчэ Тота праспяваў пад гітару серенаду, прысвечаную віцебскім прыгажуням. У падзяку жанчыны неслі яму кветкі, дзеці дарылі мяккія цацкі. А адзін мужчына нават зняў свой наручны гадзіннік. Кутуньё быў здзіўлены. “Я б мог аддаць вам свой “Ролекс”, але гэта падарунак жонкі”, – сказаў ён. 

Яшчэ раз пачуць “Вы шуміце, бярозы” у выкананні італьянца можна пачуць вечарам ў гэту нядзелю, 30 верасня, калі ў 21.05. уключыць ОНТ (тэлеканал рабіў запіс усіх канцэртаў сваіх гастроляў).    


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць