У Гарадоцкім раёне пройдзе конкурс рыбакоў

Рыбакі, якія збяруцца сёння ў Гарадоцкім раёне, будуць дзейнічаць, як у той казцы Пушкіна: зловяць рыбку і адпусцяць. Невядома, ці трапіцца ім залатая, але так патрабуюць умовы першага ў вобласці конкурса рыбакоў “Карп-2007”.

Конкурсны лоў пад дэвізам “Паймаў – адпусці!” пройдзе на сажалках Гарадоцкага рыбакомплекса. Дробную рыбу будуць адразу ж узважваць і адпускаць у ваду. “Так ловіць рыбу ўвесь цывілізаваны свет, і наша задача ў тым, каб гэтая добрая звычка з’явілася і ў беларускіх рыбакоў”, – кажуць у Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.

Калі драбязу будуць адпускаць, то вялікіх карпаў рыбакам дазволяць забраць сабе ў якасці трафею.

Нагадаем, што напачатку верасня ў парку “Мазурына” прайшло абласное свята паляўнічых і рыбаловаў “Вепр-2007”, таксама зладжаны абласной арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць