Коласаўцы ў новым сезоне пакажуць у асноўным камедыі

5 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адкрыецца новы 82-гі тэатральны сезон. Гледачоў па традыцыі сустрэне неўміручы Несцерка. Адметнасць гэтага сезона: на сцэне драмтэатра пераважна будуць ісці камедыі.

У нядзелю, 7 кастрычніка, коласаўцы прадставяць адноўлены спектакль “Залёты”, падрыхтаваны да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Тэатр падрыхтаваў шэраг прэм’ер. 11 кастрычніка гледачоў чакае фантасмагарычная камедыя “Дзверы” па п’есе Сяргея Кавалёва ў пастаноўцы Юрыя Лізянгевіча. Да юбілею народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной рэжысёр Рыд Таліпаў паставіў спектакль “Васа”. Яго першы паказ адбудзецца 26 кастрычніка. 28-га ў тэатры пройдзе прэм’ера драмы пад назвай “Вар’яцкае танга кахання” па п’есе С.Шэпарда ў пастаноўцы Міхася Краснабаева.

Для юных гледачоў падрыхтаваны адноўлены спектакль “Дацкая гісторыя” паводле твораў Г.Х. Андэрсена ў сцэнічнай рэдакцыі А.Шапіры (рэжысёр аднаўлення Віталь Баркоўскі), убачыць які можна 23 кастрычніка.

Да канца 2007 года коласаўцы плануюць паставіць яшчэ два спектаклі: казку “Знікненне прынцэсы Фефелы” па п’есе А.Стараторжскага і Л.Цітовай (рэжысёр Міхась Краснабаеў) і мюзікл для моладзі пад умоўнай назвай “Загубленая душа” па Яну Баршчэўскаму ў пастаноўцы Міхася Лашыцкага.

У лістападзе коласаўцы плануюць гастролі на сцэне Бранскага тэатра драмы імя А.К. Талстога. Расійскія гледачы пазнаёмяцца з трыма спектаклямі: “Псіхааналітык для псіхааналітыка”, “Шагал… Шагал…”, “За двума зайцамі”. А на фестывалі “Залаты шлягер” у Магілёве, які таксама адбудзецца ў лістападзе, віцебскі тэатр пакажа сваю «візітоўку» – спектакль “Несцерка”.
Паводле газеты «Витебский проспект»


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць