Полацкія ўлады цягнуць з канчатковым вырашэннем пытання перайменавання вуліцы Леніна

У Полацку ўжо амаль два месяцы праходзіць грамадскае абмеркаванне ў сувязі з пытаннем перайменавання вуліцы Леніна. Меркаванні гараджан вывучае спецыяльная камісія, куды ўвайшлі прадстаўнікі ўлады, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і работнікі культуры. Палачане дасылаюць у гарвыканкам лісты, у якіх прапаноўваюць свае варыянты новай назвы вуліцы Леніна. Гэта пытанне абмяркоўвалася таксама на сходах на прадпрыемствах горада, у якіх удзельнічала каля 10 тысяч чалавек. Дыскусія на гэты конт разгарнулася і ў мясцовай газеце.

Крыху гісторыі. Вуліца, якая зараз называецца ў гонар правадыра пралетарыяту, – самая старэйшая ў Полацку. З пісьмовых крыніц вядома, што ў 1601 годзе яна называлася Вялікай. У 1842 годзе тут пабудавалі драўляны Свята-Пакроўскі храм, і таму праз шэсць гадоў вуліца стала Ніжне-Пакроўскай. А пасля Кастрычніцкага перавароту, з 1919 года, яна носіць імя Леніна.

«Большасць гараджан – прыкладна 60%, выказалася за перайменаванне вуліцы Леніна. Яны прапаноўваюць вярнуць ёй гістарычную назву – Вялікая. Каля 25% палачан жадаюць, каб яна насіла іншую старую назву – Ніжне-Пакроўская. Гэту пазіцыю, па зразумелых прычынах, падзяляе і праваслаўная епархія. І дзесьці каля 15% жыхароў лічаць, што вуліцу не трэба перайменоўваць. Канешна, сярод іх і мясцовыя камуністы. І хай іх у Полацку нямнога, але і з гэтай думкай трэба лічыцца. А вось нечаканасцю стала тое, што многія людзі сталага веку выказваюцца за перайменаванне. Пры гэтым ёсць і маладыя людзі, якія нарадзіліся на вуліцы Леніна, выраслі на ёй, прывыклі да старой назвы і таму супраць усякіх змен”, – распавёў спецыяліст аддзела ідэялагічнай працы Полацкага гарвыканкама Аляксандр Логінаў.

Па ягоных словах, некаторыя полачане прапанавалі і цалкам новыя варыянты назвы. Напрыклад, Віцебская – бо адсюль ідзе працяг дарогі на Віцебск, Саборная – у пачатку вуліцы стаіць Сафійскі сабор, Музейная – таму што тут знаходзяцца шэсць музеяў, Набярэжная – вуліца ідзе ўздоўж берага Заходняй Дзвіны.

Паколькі думкі палачан падзяліліся, мясцовыя ўлады плануюць канчатковае рашэнне па гэтым пытанні – быць ці не быць вуліцы Леніна ў самым старажытным горадзе Беларусі – вынесці напачатку наступнага года.

Трэба адзначыць, што падобныя лакальныя “плебісцыты” у Полацку праводзяцца ўжо не ўпершыню. Так, сёлета вясной вывучалася думка гараджан у сувязі з вызначэннем месца, на якім павінен быць усталяваны конны помнік князю Усяславу Чарадзею.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ