Баліць…

Чалавек аджывае свой век і сыходзіць. На месцы яго апошняга прытулку родныя ўсталёўваюць помнік, прыходзяць да яго, шануюць памяць, у цэрквах моляцца за супакой ягонай душы. Гэта па-чалавечы.

А як быць з тымі, у каго гэтае ўшанаванне памяці адабралі груба і бязлітасна? Хто ня ведае, дзе і калі сышоў яго бацька, маці, брат ці сястра у той мір, адкуль ня вяртаюцца? Жудасныя гады стратаў, пакуты, невядомасці пацярпеў наш народ ад вусатага д’ябла, ад ягоных прыспешнікаў, якім удалося дажыць свой век і ціха сканаць.

І калі мы ЛЮДЗІ, то павінны ня толькі асвяціць тую зямлю, у якую па-зладзейску зарылі бязвінна забітых, але вынаходзіць тых, ускрываць іх імёны, хто гэта зрабіў, хто гэтаму спрыяў — вынішчыць да апошняй галінкі, калі ня пакаяліся...

На аздобленай крывёю і целамі забітых падчас сталінскіх рэпрэсіяў зямлі падняліся дрэвы-помнікі, усталяваныя самой прыродай. Родная маці-зямля ахінула сваіх няшчасных дзетак траўкай, замест труны апляла каранямі іх косткі, горка плача расой і дожджыкам, маўкліва навучае нас, што топчуцца па гэтай зямлі, шанаваць і памятаць.

Памяць, як сумленне, ня дае спакойна займацца сваімі справамі, пакуль ня ўшануем тых, хто пайшоў ад нас ня па волі Божай.

Крыжы, крыжы — ланцугі памяці, усталяваныя на месцах масавых забойстваў. Хаваюць таямніцы КДБ усю праўду: колькі іх было, тых няшчасных, каго падхапіў чорны варанок і звёз у невядомасць.

Напрыканцы 80-х гадоў таямніцы прыадчыніліся. Рэабілітацыя стала дзяржаўнай палітыкай. Былі створаны камісіі па садзейнічанню ў забеспячэнні правоў ахвяраў палітычных рэпрэсій. За 1989 год былі рэабілітаваны па Віцебскай вобласці — больш за 17 тысяч грамадзянаў. Амаль 3100 жыхароў Віцебска ў 20-40-х і пачатку 50-х былі рэпрэсаваныя па палітычных матывах, а потым рэабілітаваныя...

Усе яны бязвінна пацярпелі па надуманых абвінавачаннях, у тым ліку 1355 чалавек былі асуджаны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, сярод іх 215 жанчын. Рэпрэсіі ў савецкай дзяржаве праходзілі бесперапынна.

У памежных раёнах: Ушацкім, Бягомльскім, Полацкім адразу даваўся артыкул “Здрада радзіме”, і без суда і следства людзей расстрэльвалі. Таму на Віцебшчыне так шмат месцаў масавых пахаванняў: Паляі-Вароны, Мікалаёва, Кабыляцкая гара...

Віцебскія газеты друкавалі шмат матэр’ялаў пра гэтыя жудасныя гады. Журналісты ня выходзілі з архіваў, сустракаліся з сем’ямі загінуўшых, пісалі аб ахвярах. Сяргей Буткевіч, Іна Абрамава, М. Пішчулёнак, У.Ляскоўскі, К. Абельская, М. Крывёнак і іншыя. Ім людзі выказвалі свой боль, сваю крыўду. Іхнія друкаваныя матэр’ялы сёння можна знайсці у абласной бібліятэцы ім. Ленінцы. Але апошнія датаваныя 2002-м годам.

У абласным архіве вам дадуць толькі спісы рэабілітаваных. Да архіваў ня дапусцяць. Маўляў, ня этычна турбаваць забітых. Забілі і забілі.. Што змянілася ў дзяржаўнай палітыцы? Чаму? Чаго баяцца ўлады?...Як заўсёды, праўды. Таму што наша рэчаіснасць пачынае згадваць страшнае мінулае — у постацях Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захарэнка, Зміцера Завадскага, Генадзя Карпенкі. Дзесяткі і дзесяткі асуджаных па адміністрацыйных артыкулах за палітычную дзейнасць, абсурдных крымінальных: Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Артур Фінкевіч. Амаль па два гады “хіміі” адбылі Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец. Раней па паўтары той жа “хіміі” — Павел Мажэйка, Віктар Івашкевіч... Спіс можна доўжыць. А ён, на жаль, доўжыцца...

Улады ступілі на гэтую страшную дарогу рэпрэсій, забыўшыся, што гісторыя ўсё паставіць на свае месцы і кожны адкажа за злачынствы.

Таму як толькі віцебскія дэмакраты 29-га кожнага месяца едуць у Паляі да крыжоў, там іх сустракае міліцыя. Гараць свечкі, гучыць ціхая памінальная малітва, ветрык гойдае бел-чырвона-белыя стужачкі, якія абвіваюць крыжы — за ўсім гэтым маўкліва назіраюць міліцыянты. Яны выконваюць нейкі загад, але падчас узнёслай малітвы нерашуча топчуцца на месцы — нешта кранае іхнія сэрцы, іхнюю гістарычную памяць (наўрад ці знойдзецца на Беларусі сям’я, якую б ня кранула сваёй кастлявай лапай смерць, пасланая загадам пачвары ў чалавечым абліччы).

Хутка, 28-га кастрычніка, а 16 гадзіне, мы зноўку збяромся каля крыжоў паміж Паляямі і Варонамі. Далучайцеся! Будзем разам! Няхай наша малітва да літасцівага Бога ўратуе нашу зямлю ад паразы...

Чытайце яшчэ