Распрацаваны план ліквідацыі Верхнядзвінскага пахавання пестыцыдаў

Спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама беларускія эколагі распрацавалі план ліквідацыі Верхнедзвінскага пахавання непрыдатных пестыцыдаў.

Гэтае пахаванне, размешчанае ў басейне Заходняй Дзвіны (у 8 кіламетрах на паўночны захад ад мяжы з Латвіяй) – адно з найбуйнейшых у Беларусі. Яго стварылі яшчэ ў савецкія часы, у 70-я гады мінулага стагоддзя. Па афіцыйных дадзеных, у пахаванні знаходзіцца 454,5 тоны непрыдатных і забароненых пестыцыдаў. Спецыялісты мяркуюць, што існуе рэальная небяспека патраплення пестыцыдаў у ваду, бо ў 20 метрах ад яго знаходзяцца ручаі, якія ўпадаюць у раку Тур’я. Падчас веснавой паводкі ўся тэрыторыя пахавання заліваецца вадой.

Паводле плану ліквідацыі, спачатку будуць зробленыя пробныя ўскрыцці Верхнядзінскага пахавання. Калі ўдасца высветліць, што пестыцыды можна дастаць з зямлі, іх, а таксама заражаную глебу, адправяць для канчатковай утылізацыі. Мяркуецца, што гэта будзе зроблена ў Фінляндыі.

Рэалізацыя праекта патрабуе значных сродкаў, таму яго стваральнікі збіраюцца падаць заяўку на атрыманне дапамогі ад Еўрасаюза.

Па дадазеных Мінпрыроды, цяпер у Беларусі існуюць 7 пахаванняў пестыцыдаў. У адным з іх, якое размешчанае на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, ужо пачаліся ліквідацыйныя мерапрыемствы.

БелаПАН


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць