Прыняты Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”

Учора Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў першым чытанні прыняла законапраект “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Новая рэдакцыя правілаў уступіць у дзеянне крыху меней, як праз тры гады – з 1 верасня 2010 года. Да гэтага ж часу Міністэрства адукацыі ўнясе неабходныя карэктывы ў падручнікі. Нагадаем, што гэты закон шмат крытыкавалі прадстаўнікі грамадства і мовазнаўцы, якія не маглі паўплываць на ягоную распрацоўку.

Прадстаўляючы дэпутатам законапраект, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў: «У некаторых выпадках праблемы адзінства беларускай мовы набываюць палітычнае адценне, нават імкненне да вяртання дарэформеннага правапісу. Гэты закон стане дзейсным сродкам спынення практыкі непрадуманага і па сутнасці супрацьзаконнага ўжывання ў перыёдыцы так званай «тарашкевіцы». На думку Радзькова, законапраект «забяспечыць адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў».
Нагадаем, новыя правілы прадугледжваюць напісанне з вялікай літары назваў органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама пасадаў, званняў і тытулаў. Напрыклад, пасля прыняцця гэтага закона ў беларускай мове словы "прэзідэнт", "прэм'ер-міністр", "канстытуцыйны суд" будуць пісацца з вялікай літары. Апроч таго, прапануецца, напрыклад, пісаць слова “дзесяты” праз “я” – “дзясяты”. Новыя правілы пашыраюць прынцып “акання” у запазычаных словах, уносяцца таксама змены ў напісанне скарочаных слоў, спрашчаюцца правілы пераносу, пашыраецца напісанне літары “ў” і інш.

Паводле “Наша ніва”, Еўрапейскага радыё, БелТА.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць