У Віцебску прайшоў семінар для экскурсаводаў

17 лістапада віцебскі філіял РУП “Нацыянальнае агенцтва па турызму” (http://belarustourism.by/) праводзіў адмысловы семінар па падрыхтоўцы віцебскіх экскурсаводаў да праходжання прафесійнай атэстацыі. Пацвердзіць сваю кваліфікацыю віцебскія гіды-перакладчыкі і экскурсаводы змогуць у Менску напачатку студзеня.

Нягледзячы на тое, што ўдзельнічаць у платным аднадзённым семінары было неабавязкова, прадстаўнікі агенцтва ў Віцебску “настойліва рэкамендавалі” зрабіць гэта, каб знаходзіцца “у тэме” і атрымліваць важную інфармацыю па атэстацыі. Таму каля трыццаці чалавек сабралася ў адной з залаў фізкультурнага дыспансеру, каб паслухаць з вуснаў абазнаных выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага універсітэту адказы на тэставыя пытанні, іх каментары і шматлікія заўвагі.

Сярод тых тэставых блокаў, якія будуць прапанаваныя экскурсаводам у сталіцы, бадай, ніводны не быў поўнасцю зразумелым. Нават фармуліроўкі заданняў, не кажучы ўжо пра адказы, з курсаў “Культура гаворкі”, “Геаграфія Беларусі”, “Асновы кіравання турыстычнай групай” раз-пораз выклікалі нават у дасведчаных слухачоў далёка не пазітыўныя эмоцыі. Асабліва цяжка прыйшлося М. В. Півавару, кандыдату гістарычных навук, які мусіў разграбаць недарэчнасці з заданняў курсу “Гісторыя і культура Беларусі”, складзеных у тым ліку і такім выбітным сталічным экскурсаводам, як А. Г. Варава. Але аддадзім належнае сп. Півавару — паўз яго нерастлумачаным не прайшло ніводнае з пытанняў, а аўдыторыя нават не адпусціла спецыяліста на перапынак.

Акрамя тэставых заданняў мясцовых гідаў цікавілі пытанні аб афармленні шматлікіх дакументаў як па самой атэстацыі, так і па экскурсіям, якія будуць абараняцца на пачатку студзеня ў Менску. Кіраўніцтва віцебскага філіяла Нацыянальнага агенцтва па турызму яшчэ раз нагадала перапісаць дакументы, пададзеныя на беларускай мове, бо ўсе афіцыйныя бланкі, зацверджаныя Міністэрствам спорту і турызму ўтрымліваюць інфармацыю па-руску і па-англійску. Беларускай жа мове на афіцыйных паперах няма месца. Але будзем спадзявацца, што гэтая і яшчэ мех іншых праблем, якія паўсталі перад экскурсаводамі, не зашкодзяць ім атрымаць доўгачаканы бэдж прафесіянала і адстаяць такім чынам у сталіцы гонар віцебскай школы экскурсазнаўства.

Матэрыял удзельнічае ў конкурсе «Народны карэспандэнт».

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ