Дванаццатым гульцом у матчы Беларусь – Сербія былі заўзятары

Віцебск яшчэ раз даказаў, што ўмее цёпла прымаць усіх, хто прыязджае да нас у госці. І не толькі шматлікіх зорак падчас “Славянскага базару”. (Да кампліментаў накшталт “як цудоўна нас тут прымаюць слухачы”, “якая выкшталцоная ў вас публіка на канцэртах”, “нам ніколі нідзе так не апладзіравалі, як у Віцебску” нашы людзі ўжо настолькі прызвачаіліся, што прапускаюць іх міма вушэй. У гэтым віцябчане падобны на сапраўдную прыгажуню, якая даўно не звяртае ўвагі на банальныя словы, якімі ёй прызнаюцца ў каханні шматлікія прыхільнікі). Нядаўна, 16 і 20 лістапада, горад на Дзвіне прымаў вялікі футбол. І ў гэтай, пакуль яшчэ не вельмі звыклай для сябе сітуацыі – бо спартыўныя спаборніцтвы высокага міжнароднага ўзроўню ў нас праводзіліся толькі ў другі раз – Віцебск здолеў паказаць усю сваю гасціннасць, спартыўны азарт, добрую арганізацыю сустрэч беларускай “маладзёжкі” з яе супернікамі, зборнымі Сан-Марына і Сербіі. А таксама патрыятызм – без гучных словаў. Але так шматгалосна, адзінадушна і моцна, што чула ледзь не палова горада. Водгалас “БЕ-ЛА-РУСЬ!” быў чутны далёка ад стадыёна – напрыклад, каля рынка “Эвіком”.

Герой учорашняга матча з Сербіяй – паўабаронца барысаўскага БАТЭ Сяргей Крывец, які забіў у гэтым паядынку адзіны ў беларусаў, але такі прыгожы гол – трапным ударам галавой, у пасляматчавым інтэрв’ю вядомаму каментатару Уладзіміру Навіцкаму адзначыў цудоўную падтрымку, якую аказвалі нашай камандзе гледачы. Футбаліст у захапленні сказаў: “Дванаццатым гульцом у гэтым матчы былі заўзятары”.

“БЕ-ЛА-РУСЬ!”, “БЕ-ЛА-РУСЬ!”, “БЕ-ЛА-РУСЬ!”, – нястомна скандзіравалі футбольныя аматары на трыбунах Віцебскага Цэнтральнага спартыўнага комплексу, разлічаных на 8 тысяч чалавек. І ў гэтым адчувалася не толькі жаданне, каб наша каманда перамагла, але і любоў за сваю краіну, гонар за яе. І ў гэтай сітуацыі не так ужо важна, што заўзятары трымалі дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг. (Каб жа сёння можна было ўзяць з сабой на футбол ці хакей бел-чырвона-белы... Гэта такая жаданая, але пакуль недасяжная мара). Важна, што беларусы адчулі сябе беларусамі без прымусу і прыгону на масавую акцыю, як гэта адбываецца на якім-небудзь афіцыёзным святкаванні Дня незалежнасці 3 ліпеня.

Ці трэба казаць, што трыбуны ЦСК і падчас матчу з камандай экзатычнай краіны – італьянскага аклава-ліліпута Сан-Марына, і падчас сустрэчы з братамі-славянамі сербамі былі запоўнены цалкам. Людзі стаялі нават у праходах. Але гэта не перашкаджала ім крычаць “БЕ-ЛА-РУСЬ!”, спачуваць нашым хлопцам, калі серб Зоран Тошыч забіў ім гол і эмацыйна суперажываць кожнае імгненне гульні.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ