«J:морс» выпусціў першы беларускамоўны альбом: у ім 11 песень і фільм аб помніках

Учора ў Мінску наш вядомейшы гурт «J:морс» прэзентаваў свой першы беларускамоўны альбом “Адлегласць”. У дыску – 11 песень. Сярод іх тры песні па-беларуску з ранейшых альбомаў («Жывi», «Так цi так», «Паветра»), два пераклады кампазіцый з рускай мовы («Маё сонца», «Глядзi») і шэсць новых запісаў. Аўтарамі ўсіх кампазіцый, акрамя народнай песні «Вярба», – удзельнікі гурту Уладзімір Пугач і Раман Арлоў.

У новым дыску «J:морс» прадставіў і новы праект – фільм «Адлегласць: Падарожжа па Беларусi» – 15 хвілінную відэазамалёўку аб помніках беларускай архітэктуры. Фільм зняты ўдзельнікамі гурту на звычайны лічбавы апарат і змантаваны не з відэаматэрыялаў, а больш чым з 20 тысяч фотаздымкаў. Тэхнічную частку праекта рэалізаваў беларускі медыямастак Андрэй Савіцкі.

Паводле словаў лідэра гурту Уладзіміра Пугача, адным з матываў выпуску такога дыска стала жаданне «даказаць сабе і іншым, што беларускамоўная музыка таксама можа быць папулярнай» і «павінна гучаць на радыё». У.Пугач лічыць, што неабходна разбурыць «дыхатамію, калі мэйнстрымавыя выканаўцы спяваюць у асноўным на рускай, а альтэрнатыўныя – на беларускай мове».

Ідэя запісаць беларускамоўны альбом з’явілася ў калектыву тры гады таму, калі аб гэтым сталі прасіць гледачы на канцэртах.

Канцэртная прэзентацыя новага альбома «J:морс» і фільма, знятага калектывам, пройдзе ў Мінску 2 снежня, паведамляе БелаПАН.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць