Калегі і аднадумцы павіншавалі А.Казуліна з днём нараджэння

Калегі і аднадумцы павіншавалі А. Казуліна з днём нараджэння. Фота Сержука СераброАпоўдні 25 лістапада каля віцебскай папраўчай калоніі агульнага рэжыму “Віцьба-3”, дзе адбывае пакаранне лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былы рэктар Белдзяржуніверсітэта, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Аляксандр Казулін, сабраліся каля 30 чалавек. Сябры, калегі і аднадумцы з Віцебска, Мінска і Наваполацка прыехалі павіншаваць палітыка з днём нараджэння. Сёння А.Казуліну споўнілася 52 гады. Гэта ягоны другі дзень нараджэння ў зняволенні.

Сёлета сярод тых, хто прыехаў з віншаваннямі, не было кіраўніка ПКБ Сяргея Калякіна і лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, як летась. На гэты раз сваю салідарнасць са зняволеным вырашылі выказаць у асноўным ягоныя аднадумцы – праваабаронца Алег Волчак, былы палітвязень Сяргей Скрабец, які праходзіў пакаранне таксама ў калоніі “Віцьба-3”, выконваючы абавязкі старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч, гісторык Анатоль Сідарэвіч і іншыя. Прыехаў таксама брат палітыка Уладзімір Казулін. Яны прывезлі падарункі – кветкі, кнігі і віншавальныя паштоўкі.

Калегі і аднадумцы павіншавалі А. Казуліна з днём нараджэння. Фота Сержука Серабро

Неўзабаве насустрач прысутным выйшаў намеснік начальніка калоніі Руслан Прыймак. У размове з партыйцамі ён паводзіў сябе бездакорна ветліва. У выніку непрацяглых перамоваў прадстаўнік адміністрацыі згадзіўся перадаць А.Казуліну віншавальныя паштоўкі і кнігі, а кветкі ўзяць адмовіўся, заўважыўшы, што “их некуда ставить, да и незачем”. На пытанне сяброў пра стан здароўя зняволенага Р.Прыймак адказаў: “Нормально. Жив и здоров, все хорошо”.

Ужо адыходзячы ад “Віцьбы-3”, сябры вырашылі хоць неяк засведчыць сваю прысутнасць і паказаць А. Казуліну, што ў яго ёсць падтрымка на волі. Яны тры разы спыняліся ў розных месцах пад сценамі калоніі і, у спадзеве, што зняволены іх пачуе, гучна крычалі: “С днем рождения!”, “Свободу Козулину!”

Кветкі, якія так і не трапілі да віноўніка свята, вырашылі ўскласці да крыжа, які ўсталяваны недалёка ад папраўчай установы.

Зараз у калоніі знаходзіцца сям’я палітыка – дочкі Вольга і Юлія і жонка Ірына Іванаўна. Сваякам дазволена доўгатэрміновае (трохдзённае) спатканне.

За кратамі Аляксандр Казулін знаходзіцца роўна 1 год і 8 месяцаў. Ён быў асуджаны на 5,5 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка 2006 года. З 20 кастрычніка па 11 снежня 2006 года А.Казулін праводзіў у калоніі галадоўку з мэтай прыцягнуць увагу Рады бяспекі ААН да сітуацыі ў Беларусі. Як паведамлялі СМІ, мэта была дасягнута: па ініцыятыве ЗША беларускае пытанне было абмеркавана Радай бяспекі ААН.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ