Вандроўнік з лютняй

Лютніст Антоній Пільх выступае ў касцёле Святой Барбары. Фота Раман ШульцУвесь каталіцкі свет 22 лістапада адзначае свята Св. Цэцыліі - апякункі музыкі, музыкантаў і царкоўных спеваў, рымскай мучаніцы ІІ-ІІІ ст. Віцебск не застаўся ўбаку: сёлета на ўрачыстасць пры катэдральным касцёле Св. Барбары быў запрошаны вядомы польскі лютніст Антоній Пільх.

Антоній вядомы ў Польшчы і свеце як стваральнік міжнароднага фестываля “Лютні свету”, што адбыўся ў чэрвені ў Кракаве – фестываль сабраў лютністаў з розных краін Еўропы: Польшчы, Англіі, Францыі і г.д. Ва Усходняй Еўропе лютніст вядомы як заснавальнік міжнароднага ансамбля “Акадэмія традыцыі”, у яго уваходзяць спевакі з Беларусі (дарэчы, есць і віцебскія), Літвы, Расіі, Украіны і г.д.
У Віцебск кракаўскі музыкант, член Міжнароднай супольнасці лютністаў, прыехаў у трэці раз. За тыдзень прабывання ў нашым горадзе ён правёў сустрэчы ў Музычным вучылішчы, Школе мастацтваў №1, а таксама майстар-класы для хора катэдральнага касцёла Св. Барбары “HOSANNA” і Віцебскага Ансамбля Старадаўняй Музыкі.

Крыху гісторыі
Лютня – незвычайны і даволі рэдкі інструмент для нашых часоў, хаця па выгляду знаёмы - нагадвае мандаліну. Падобныя інструменты існавалі ўжо ў 2000 г. да н.э. - на іх гралі егіпцяне, персы, грэкі, рымляне. “На падобным інструменце граў яшчэ біблейскі цар Давід”, - адзаначае сам Антоній. Лютня была вельмі распаўсюджанай на Блізкім Усходзе, а ў 7 ст., патрапіўшы ў Заходнюю Еўропу цераз Іспанію, набыла папулярнасць і там. У 16 ст. лютня перажывае нязвыклы росквіт: у Еўропе жыве адразу некалькі бліскучых кампазітараў-лютністаў.

Усё пачалося з гітары
Напачатку Антоній граў на гітары. Пазней паступіў у Кракаўскую Акадэмію музыкі. Скончыўшы яе, стаўся класічным гітарыстам. Думка навучыцца граць на лютні прыйшла раптоўна. У Кракаве, аднак, такога накірунку не аказалася. Пался пошукаў высветлілася: ва усёй Польшчы не вучылі граць на лютні! Мара авалодаць інструментам прывяла Антонія ў Англію – тут ён два гады вучыўся ў Каралеўскай Акадэміі музыкі ў Лондане.

“Вандроўнік” (ці “Путник”)
Такую назву лютніст даў свайму канцэрту. Падчас вучобы ў Антонія сфарміраваўся вобраз лютніста. Гэта чалавек-вандроўнік, магчыма падарожнічаючы з вёскі ў вёску, з вяселля на вяселле музыкант... У сучасным свеце такіх няма, але такімі, прынамсі, былі лютністы 16 ст. “Каб праўдзіва паказаць істоту тагачаснай ігры на лютні недастаткова толькі кампазіцыі і песні, трэба даць слухачу перажыванне штодзённага падарожжа і музыкай паказаць тыя краявіды, што праплываюць перад вачыма музыкі-вандроўніка”, - піша Пільх на ўласным сайце.

Натхнёны гэтымі думкамі Антоній вырашае дайсці пілігрымам (паломнікам) да ... Рыма. Не за адзін раз, а паступова: бо ёсць праца і іншыя абавязкі. Кожны раз ён даязджае машынай да таго месца, на якім спыніўся ў мінулы. У кожнай мясцовасці, куды вандроўнік прыходзіць ўвечары, адбываецца канцэрт старажытнай лютневай музыкі. Вырушыў Антоній са сваёй роднай мясцовасці Пшэмысль, што на поўдні Польшчы, ў чэрвені гэтага года – склаўшы разам, музыкант прайшоў дзесяць дзён – гэта каля 200 км.

Музыка як шлях да Бога
Антоній грае лютневую музыку і выконвае спевы эпохі Рэнесанса – часоў Рэчы Паспалітай: гэта малітвы і рэлігійныя гімны, псальмы і народныя спевы на лацінскай, украінскай, польскай, рускай, англійскай, французскай і інш. мовах. “Гледзячы на тагачасную культуру, адразу заўважым неад’емнасць веры ад штодзённага жыцця. Для людзей 16 ст., - кажа музыкант, -сучасная свецкасць, нерэлігійнасць была б ... проста глупствам! Для іх было зразумела, што няма сэнсу без Бога, нічога не магло узнікнуць без Яго. Мудрыя людзі ідуць у накірунку пошуку праўды, Бога. З дапамогай музыкі я хачу паказаць людзям гэты шлях. Мяне натхняе Божае Слова – Біблія. (Антоній узгадвае фрагмент з псальма, змешчаны напачатку артыкула). Згадзіцеся, ёсць асобы, якім цяжка казаць пра Бога. Такім людзям больш зразумела, калі Ён прамаўляе да іх цераз цішыню, любоў іншага чалавека, музыку...”

Антоній выбраў адзін з такіх шляхоў. Магчыма, таму часцей за усё беларускія канцэрты славутага лютніста адбываюцца ў касцёлах: як, напрыклад, у віцебскім – Св. Барбары, ці ў мінскім Чырвоным касцёле. Іншы варыянт – гістарычны будынак ці зала. Чаму? “Бо мае сваю непаўторную атмасферу, тут нібы прысутнічаюць людзі, якія калісьці жылі ці бывалі тут”, - тлумачыць Антоній.


Праграма

Часам музыкант здзіўляе арганізатараў канцэртаў – яны просяць напісаць падрабязную праграму, каб аб’явіць яе, але Антоній піша: “спевы, вершы і музыка 16 ст.”. Вось так – без назваў і тлумачэнняў. “Я заўсёды прадумваю сваю праграму, але ніколі не вызначаю дакладна, - кажа лютніст, - бо ніколі не ведаю, як будзе выглядаць канцэрт. Першую і апошнюю песню звычайна я планую напярэдадні, але “сярэдзіну” выбіраю па ходу: гляджу на настрой слухачоў. Спрабую адчуць, чаго яны патрабуюць у гэты момант, спрабую наладзіць дыялог. Важна разумець, што часам дзесяць хвілін добрай адпавядаючай настрою слухачоў ігры намнога больш карысныя, чым паўтары гадзіны напярэдадні запланаванай... Так я служу людзям”.

Карані
Памятаць сваю мову, культуру, спадчыну для народа вельмі важна. Можа, таму ў рэпертуары ансамбля “Акадэмія традыцыі” ў асноўным народныя спевы. “Для мяне крытэрыем развіцця краіны з’яўляецца тое, наколькі яна звяртаецца да сваіх звычаеў і каранёў, - кажа музыкант. – Сімвалам развіцця Віцебска я бачу будоўлю Успенскага храма. Я – католік, але для мяне не важна, якой канфесіі належыць храм: я з пашанай стаўлюся да ўсіх вернікаў - мяне цешыць, што людзі памятаюць сваю гістарычную спадчыну”.
Выступленне Антонія таксама выклікае памкненне ўгледзецца ў мінулае свайго народа: з музыкантамі-ванроўнікамі, шумнымі народнымі святамі, з вежамі велічных цэркваў і касцёлаў, што ўзвышаліся амаль у кожным мястэчку...

Кожны, хто быў на канцэрце, заўважыў: лютня ажыла ў яго руках! З якой адданасцю музыкант дорыць сваё мастацтва слухачам, наколькі любіць, па сапраўднаму любіць свой інструмент і як захапляецца сваёю справай! Сам ён, зрэшты, гэтага не ўтойвае: “Лютня – мая настаўніца, яна вучыць мяне. Побач з ёю я не адчуваю сябе прафесарам ці выдатным музыкантам, а толькі маленькім вучнем. Адначасова гэта і несамавітая прылада: з дапамогай яе я сам магу ствараць штосьці новае! Прыслухайцеся: у гэтым маленькім інструменце гучыць увесь свет!”


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць