Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень Герояў

Сёння, 27 лістапада, неафіцыйна адзначаецца Дзень Слуцкага збройнага чыну. Ці, як яшчэ прыгожа называюць гэта свята, – Дзень Герояў. У гэты дзень у 1920 годзе Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі пачаў баявыя дзеянні супраць бальшавіцкага войска. Гэту гістарычную дату беларусы павінны памятаць і шанаваць.

Паводле “Беларускай энцыклапедыі”, Слуцкі збройны чын – гэта “выступленне часткі беларускай інтэлігенцыі і сялянства супраць палітыкі ваеннага камунізму” (том 15, стар. 29). Аднак большасць айчынных гісторыкаў сыходзіцца на думцы, што гэта выступленне трэба разглядаць як спробу вызвольнага руху ў справе дасягнення рэальнай незалежнасці Беларусі.

І хоць выступ паўстанцаў быў задушаны бальшавікамі, Слуцкі збройны чын назаўжды застанецца ў нашай гісторыі як яскравае сведчанне рашучасці беларускага народа ў змаганні за волю. Сярод найбольш актыўных удзельнікаў змагання былі Павел Жаўрыд, Васіль Русак, Макар Краўцоў (аўтар ваяцкага марша “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, які стаў гімнам БНР), Юрка Лістапад, Юльян Сасноўскі і іншыя.

...Увайшлі ў гісторыі і жанчыны з Горадні, якія прыслалі для случакоў сцяг з прыгожа вышытай “Пагоняй” і надпісам: “Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ