Віцяблянін, якога шукаюць за забойства, арыштаваны ў Чувашыі

Віталь Бараноўскі — 29-гадовы жыхар Віцебска, якога беларуская міліцыя шукала па падазрэнню ў тым, што ў 2002 г. на адным з дачных пасёлкаў ён засек тапаром аднаго чалавека і спрабаваў забіць другога, а потым спаліў іх машыну — затрыманы ў Чэбаксарах (Расійская Федэрацыя), пра гэта паведаміла «Советская Чувашия».

Маладога чалавека затрымалі за тое, што пад час п’янай бойкі ён параніў сябрука вострымі краямі разбітай бутэлькі. У затрыманага знайшлі пасведчанне на імя А. Чарнова, з вырваным фотаздымкам. Пасля высвятлення асобы Чарнова, які жыў у пасёлку Жукава Курскай вобласці, а цяперашні яго лёс невядомы, праваахоўнікі вырашылі, арыштаваны выдае сябе за іншага чалавека.

З сакавіка 2007 г. міліцыя Чувашыі пачала высвятляць сапраўднае імя затрыманай асобы. Толькі ў лістападзе адказ прыйшоў з Беларусі — тут Бараноўскага апазналі яго родныя, а таксама чалавек, якога ён спрабаваў забіць.

Хутка Віталя Бараноўскага будуць судзіць у Чувашыі, а потым — у Беларусі.


Меткі: , , , , ,

Падобнае

    Каментаваць