У Віцебску з’явіцца музей кіно

У Віцебску адкрыецца музей кіно. Гэта адбудзецца ў лютым, калі ў нашым горадзе будзе адзначацца 110-годдзе з моманту першага кінасеансу. Для стварэння атмасферы таго часу ў музеі будзе стаяць старое фартэпіяна, за якім, магчыма, калісьці сядзеў тапёр. Музей размеціцца ў Доме кіно (былы кінатэатр “Спартак”).

Сярод экспанатаў можна будзе ўбачыць сапраўдны рарытэт – адзін з першых кінапраектараў “Украіна”, на якім наведвальнікам будуць паказваць старыя фільмы на вузкай плёнцы – “Чапаеў” і “Браненосец “Пацёмкін”, якія спецыяльна адрэстаўравалі. Наведвальнікаў таксама будуць заводзіць і ў апаратную Дома кіно, каб яны ўбачылі сучаснае абсталяванне для дэманстрацыі фільмаў і параўналі з тагачасным.

Даведка. Першы кінасеанс у Віцебску адбыўся 15 лютага 1898 года. Сінема тады паказвалі ў яхт-клубе (зараз набярэжная Дзвіны каля плошчы Перамогі). Гледачы ўбачылі дзвюххвілінныя кінастужкі французскай вытворчасці “Іспанскі народны танец” і “Французская артылерыя на парадзе”.

Віцябчане ўбачылі вынаходніцтва братоў Люм’ер пазней за парыжан, аднак раней, чым жыхары Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мінска.

Паводле БелТА.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць