Хтосьці верыць у Хрыста, а хтосьці – жоўтаму Пацуку…

Новы год і Каляды – самыя хатнія, вясёлыя і казачныя святы. І таму яны адны з самых любімых ў народзе. У гэтыя дні ўсе – і малеча, і дарослыя – знаходзяцца ў чаканні цуда. Бо кожны з нас, нават у самы складаны перыяд свайго жыцця, заўжды мае спадзеў на лепшае, на перамены. Але тут нас могуць чакаць самыя розныя прынады...

“У цёмную і марозную ноч з 8 на 9 лютага 2008 года, калі чырвоны Кабан (Свіння) перадасць свае паўнамоцтвы жоўтаму Пацуку (Мышы), пачнецца новы 12-гадовы цыкл па ўсходнім календары”, – паведамляюць штодзень СМІ. І нягледзячы на тое, што, напрыклад, кітайцы будуць адзначаць гэту падзею толькі ў лютым, і невядома, якой выдасца ў нашых шыротах гэтая ноч (можа, не з марозам, а адлігай), беларусы Новы год ужо адсвяткавалі па славянскай традыцыі – з 31 снежня на 1 студзеня.

А тым, хто дэталёва выконвае ўсе рэкамендацыі ўсходняга календара, баяцца таксама няма чаго: прылаўкі крам і шапікаў усё адно заваленыя разнастайнымі сувенірамі-“мышкамі”. А газеты, часопісы, тэлеперадачы і інтэрнэт наўзахваткі працягваюць даваць парады, як трэба сустрэць год Пацука. Да прыкладу, такія: “Пастаўце на стол 12 або 5 свечак. Асноўныя колеры адзення для сустрэчы свята – белы, шэры, серабрысты, залацісты. Каб у новым годзе ўсяго было шмат, трэба задобрыць яго апякунку, бо Пацукі – сапраўдныя гурманы. На святочным стале павінна быць раскоша. Не забудзьце насыпаць у покуце кватэры сімвалічную прынаду – зерне, семачкі, арэшкі, рыс, сыр. Мыш – цудоўная гаспадыня і не любіць непрактычных рэчаў. У падарунак трэба выбіраць тое, што прыдасца ў гаспадарцы, – кухонны посуд і бытавую тэхніку”. Больш за ўсё ўразіла, што запіваць святочную ежу, аказваецца, трэба “напоямі з высокім градусам – яны гаспадыні года па душы”. Вось дык да! Пры гэтым Мыш не любіць гультайства.

Скептыкам – смешна, але многія людзі ў прастаце сваёй душэўнай вераць усёй гэтай лухце. І забываюць ці ўвогуле не ведаюць, што ў праваслаўных хрысціян час сустрэчы Новага года супадае з Калядным (Піліпавым) постам, суровасць якога ўзмацняецца ў апошні тыдзень перад Нараджэннем Хрыстовым. Таму навагодні стол у сем’ях вернікаў больш чым сціплы. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, пост – гэта не проста адмова ад пэўных відаў ежы. Такое ўстрыманне – усяго толькі сродак. Галоўная сутнасць посту – у духоўным ачышчэнні і самаўдасканаленні. А цялеснае ўстрыманне павінна садзейнічаць гэтаму, дысцыплінуючы волю чалавека. Апроч таго, падчас посту патрэбна ўстрымлівацца ад забаў і вясёлых відовішчаў.

Пра тое, як трэба сустракаць Новы год і Раство Хрыстова, нашым чытачам распавёў іерэй віцебскага Свята-Успенскага храма Аляксандр ЛЕДАХОВІЧ:

– Мы жывем не на Месяцы, не ў 17-ым ці 18-ым стагоддзі, а ўжо ў 21-ым, і павінны не хавацца ў пячору, а існаваць у рэальным часе і прасторы. Як вядома, Новы год з’яўляецца агульнарэспубліканскім святам, прызнаным дзяржавай. І яго трэба адзначаць, бо гэта пераход ў новае часовае вымярэнне, якое зараз свецкім чынам вядзецца па грыгарыянскім календары. Аднак для праваслаўных хрысціян – гэта час посту. І людзям, якія нясуць подзвіг посту, вядома, трэба сачыць за тым, каб не згубіць гэты накірунак, не збіцца ў якія-небудзь спакусы.

Новы год можна сустракаць памаліўшыся, прыняўшы благаславенне Божае на службе – у праваслаўных храмах у гэты час служацца малебны на пачатак новага года. А потым можна сваёй ўвагай і якімі-небудзь падарункамі надзяліць родзічаў, якія сустракаюць Новы год, магчыма, вельмі пышна. І трэба імкнуцца да таго, каб любоў і мір ад нас сыходзілі не толькі на свята, а ўвесь час.

Што тычыцца святкавання Новага года па ўсходнім календары, тут чалавек павінен вырашыць: у якім свеце ён жыве, якія ў яго светапогляды, якія адносіны да свайго жыцця, куды ён рухаецца. Калі ён прыхільнік усходняга календара, то, значыцца, прыхільнік і тых традыцый, накірункаў, філасофіі, якія існуюць на Усходзе. Тады, сыходзячы з гэтага пункту гледжання, трэба і жыццё сваё будаваць. А да хрысціянства ў такім выпадку не трэба мець ніякіх адносінаў. І калі што-небудзь здарыцца, трэба звяртацца за дапамогай менавіта да ружовай Мышы альбо вогненнага Пеўня, альбо блакітнага Сабакі, а не кідацца да Хрыста.

Вось тут і атрымліваецца вельмі сур’ёзная пастка. Калі адбываюцца радасныя моманты ў жыцці, чалавек думае: “Буду блазнавацца, забаўляцца з ружовымі Мышкамі, а сваю радасць з Богам дзяліць не буду”. А калі трапляе ў значную праблему, то разумее, што выратаванне ў многіх сітуацыях трэба шукаць у царкве, і кажа: “Госпадзі, дапамажы мне!”.

– А як царква ставіцца да такіх вясёлых і добрых персанажаў з нашага маленства як Дзед Мароз і Снягурка? Ці можна іх запрашаць да дзяцей у веруючых сем’ях?

– У прынцыпе, нічога дрэннага ў гэтым няма. З’яўленне Дзеда Мароза і Снягуркі – адна з прыкмет надыходу свецкага навагодняга свята. Адной з характэрных рысаў праваславія з’яўляецца тое, што яно ўва ўсе часы, пачынаючы з самай ранняй гісторыі хрысціянства, ацаркаўляла, асвячала гэту традыцыю, якой жыў паганскі свет. І зараз нешматлікія людзі ведаюць, што некаторыя моманты, якія трывала ўвайшлі ў наша жыццё і ўсведамляюцца як выключна хрысціянскія традыцыі, маюць паганскія карані. Я лічу, што культурніцкія праявы, якія моцна ўвайшлі ў свядомасць народа, трэба і надалей працягваць ацаркаўляць і асвячаць хрысціянскай любоўю.

– Ці трэба сёння адраджаць такі звычай нашых продкаў як калядаванне?
– Гэта вельмі добрая з’ява. Вядома, тут можна ўнікаць у гісторыю паходжання тэрміна “калядаванне”. Зноў жа, гэта паганскі тэрмін, які прыйшоў да нас са старажытнасці. Аднак зараз ён цалкам мае асацыяцыю з Раством, менавіта з песнямі хрыстаславаў, праслаўленнем нараджэння Хрыста, прызначэннем гэтага нараджэння для роду чалавечага і ўсяго сусвету. Вельмі добра, калі ў нашых сем’ях будуць развівацца культура, традыцыі і пераемнасць таго ўспрыняцця Нараджэння Хрыстова як свята з калядкамі, песнямі, пачастункамі, як гэта было ў нашых продкаў.

– Як трэба рыхтаваць сваю душу да вялікага свята Нараджэння Хрыстова?
– Наконт гэтага вельмі слушныя думкі выказаў дыякан Андрэй. Ён звяртае нашу ўвагу на тое, што вельмі часта хрысціяне пачынаюць здзяйсняць пост альбо рыхтавацца да якога-небудзь свята выключна гастранамічна – шляхам ўжывання альбо неўжывання некаторых відаў ежы. А потым, пасля свята, наядаюцца розных скаромных ласункаў. Аднак гэта поўны абсурд, які не мае адносінаў да посту як подзвіга сапраўднага хрысціяніна. Бо сапраўдны хрысціянін, на думку дыякана Андрэя, павінен, рыхтуючыся да свята Нараджэння Хрыстова, не проста напрацягу двух месяцаў не спажываць кілбасы. Сэнс свята не ў гэтым. Што адбылося падчас Нараджэння Хрыстова? Нарадзіўся Збавіцель свету, нарадзіўся Гасподзь Ісус Хрыстос. Гэта знаходзіць адлюстраванне і ў калядках – прынясенне добрай весткі ўсяму свету. Таму праваслаўныя хрысціяніне, якія пасціліся ў гэты час, не проста разгаўляцца, а прыходзяць на святочнае богаслужэнне, што вельмі важна.

– Ці павінна быць на святочным стале спіртное?
– Гэта кожны вызначае сам для сябе. На жаль, у нашага народа адсутнічае культура вінапіцця. Таму, магчыма, камусьці трэба ўстрымацца. Аднак звычайна так бывае, што той, каму трэба ўстрымацца, не ўстрымліваецца. А дзеля таго, хто не злоўжывае спіртнымі напоямі, гэту праблему падымаць і не трэба. Бо калі дарослы чалавек выпівае келіх віна, то ён павінен разумець, што робіць гэта толькі дзеля таго, каб падкрэсліць узнёсласць моманту, адчуць агульную радасць, а не дзеля таго, каб паддацца алкагольнаму ап’яненню, згубіць чалавечы воблік, саграшыць перад Богам і пасля пакутваць.

***

І напрыканцы прыводзім некаторыя вытрымкі з народнага календара-месяцаслова, каб яшчэ раз нагадаць, што мы не кітайцы, а годна завемся беларусамі. І нашыя продкі былі не менш мудрымі, чым прадстаўнікі ўсходніх народаў.

1 студзеня – дзень памяці прападобнага Ільі Мурамца. Патрэбна было пакланіцца дому бацькоўскаму, зямлі роднай.

6 студзеня – пярэдадзень Каляд. Мяркуюць, што “каляды” – значыць “ко ладу”, па-беларуску “да ладу”. Свят-вечар праводзяць не еўшы да першай зоркі на небе (у памяць пра Віфлеемскую зорку). Па царкоўнаму статуту дазваляецца “сачыва” (куцця) – пшанічны, ячменны ці рысавы ўзвар з мёдам і садавінай. Гэта апошні дзень шасцітыднёвага Піліпава посту. У старадаўнія часы быў яшчэ звычай, які няцяжка аднавіць і ў нашы дні, – ставіць на акно запаленую свечку. Сэнс у тым, што ў кожным доме гатовы былі даць начлег адусюль гнаным у гэту ноч на зары гісторыі Хрыстовай цяжарнай Марыі і Іосіфу.

7 студзеня – Каляда. У народзе ёсць павер’е, што ў самую поўнач на Каляду нябесныя вароты расчыняюцца і з вышыні на зямлю сыходзіць сам Бог-сын.

13 студзеня – Шчодры вечар (Васілёў вечар).

14 студзеня – Абразанне Гасподне. У гэты дзень праваслаўныя адзначаюць яшчэ два святы – дзень памяці святога Васіля Вялікага і грамадзянскі Новы год па старому стылю.
З 7 па 14 студзеня – зімовыя святкі. Праходзяць вечарынкі, моладзь шчадруе. Пачатак зімовых вяселляў.

19 студзеня – Вадохрышча. Богаяўленне. У гэты дзень і напярэдадні, 18 студзеня, праваслаўныя вернікі прытрымліваюцца строгага посту да таго часу, пакуль не прынясуць з царквы асвечанай вады і пакуль кожны з сямейнікаў не вып’е яе крыху. Частка гэтай вады звычайна наліваецца ў бутэльку і захоўваецца цэлы год.

Дарэчы, на Каляды нашыя продкі не толькі збіраліся за багатым святочным застоллем. Гэта час добрых спраў, і людзі імкнуліся стаць лепей: дапамагчы хворым, нямоглым і сіротам, раздаць міласціну жабракам, зрабіць падарункі адзінокім людзям і вязням. А добрым шляхам Бог кіруе.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ