Галкіпер ХК “Віцебск” Д.Мільчакоў выступае на Калядным турніры ў складзе прэзідэнцкай каманды

У Мінску зараз праходзіць чацвёрты Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз прэзідэнта Беларусі. Беларуская каманда атрымала ўжо дзве перамогі: 4 студзеня над канадцамі (9:1) і 5 студзеня – над супернікамі са Швейцарыі (10:1). У складзе зборнай Аляксандра Лукашэнкі паспяхова выступае і варатар “Віцебска” Дзмітрый Мільчакоў.

Акрамя яго, разам з кіраўніком дзяржавы за перамогу змагаюцца некалькі хакеістаў беларускай экстралігі: галкіпер гродзенскага “нёмана” Віталь Коваль, гульцы сталічнага “Юнацтва” Сяргей Шыткоўскі, Сцяпан Панамароў, Сяргей Стась і Алег Хмыль, капітан мінскага “Дынамо” Аляксандр Журык, абаронца мінскага “Кераміна” Аляксандр Макрыцкі.

З цікавых момантаў гэтых гульняў. 4 студзеня адзіны гол у вароты беларусаў забіў канадзец Тэд Лавіёлет. Прычым зрабіць гэта прадстаўніку Краіны кляновага ліста ўдалося пасля таго, як яму ў твар трапіла шайба, і ўрачы ў перапынку наклалі яму на брыво 7 швоў. Падчас другой сустрэчы аматарам больш за ўсіх запомніўся швейцарскі галкіпер Біт Кіндлер. Ён заводзіў публіку падчас перапынкаў, а пасля гульні падарыў Аляксандру Лукашэнку світэр сваёй зборнай.

Лідэрамі спаборніцтваў у групе “А” зараз з’яўляюцца зборныя Беларусі і Аўстрыі, якія набралі па 4 ачкі. Сёння ўвечары яны сустэнуцца паміж сабой. У квартэт “В” уваходзяць каманды Расіі, Украіны, Германіі і Фінляндыі.

Каманды, якія зоймуць у сваіх групах першыя месцы, 7 студзеня разыграюць галоўны прыз спаборніцтваў. Зборныя, якія будуць другімі, у гэты ж дзень сустрэнуцца ў матчы за трэцяе месца.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць