Каляды ці Ражджаство?

У нас ужо стала звыклым выкарыстоўваць слова “Каляды” для наймення свята, якое ў другой нашай дзяржаўнай мове завецца “Рождество”. Аднак часам у тэкстах можна знайсці беларускія варыянты гэтага царкоўнаславянскага тэрміна (“Ражджаство”, “Ражство” і гэтак далей). На скрынках цукерак, на паштоўках, у афіцыйных віншаваннях ад арганізацый мы заўсёды сустракаем розныя варыянты. Дык як жа правільна зваць хрысціянскае свята?

З гэтым пытаннем я звярнуўся да айца Сергія Гардуна, які зараз удзельнічае ў працы над новым перакладам Бібліі на беларускую мову. Айцец Сергій, акрамя рускай і беларускай, добра валодае і іншымі мовамі. Сергій Гардун – кандыдат багаслоўя, кавалер ордэна Сергія Раданежскага. Ён працуе выкладчыкам у Інстытуце тэалогіі імя Кірыла і Мяфодзія БДУ, а таксама ў Мінскай духоўнай акадэміі.

– У сучаснай ангельскай мове, напрыклад, для віншаванняў і наогул у бытавых зносінах выкарыстоўваецца слова «Christmas». Яно не ўключае у сябе паняцце «нараджэнне» («Christmas» узыходзіць да стараанглійскага «Cristes maesse», дзе першае слова – перайначанае грэцкае «Хрістос», паходжанне другога тлумачыцца па-рознаму, а азначае яно ў дадзеным выпадку – літургія, меса (імша). – Заўвага аўтара). Калі звярнуцца, скажам, да французскай мовы, то там свята завецца «Noel» (ад старафранцузскага «nael», а яно, у сваю чаргу пайшло ад лацінскага выразу “natalis dies” – дзень нараджэння. – Заўвага аўтара). Аднак, нават той, хто добра ведае сучасную французскую мову, не разумее, якое паходжанне гэтага слова, а таксама не можа ведаць, што калісьці, ў латыні, яно было звязана з паняццем “нараджэнне”. Зараз гэта проста народная назва, накшталт нашага “Каляды”.
Але ў багаслоўскім сэнсе па-ангельску і па-французску гэта свята завецца «Nativity of Christ» («Nativity» – перайначанае лацінскае слова, таму яго нельга перакласці проста як «нараджэнне», гэта аналаг «Ражджаства», ну а «Christ» – Хрыстос. – Заўвага аўтара) і «Nativite du Christ» (тут усё аналагічна ангельскаму варыянту). Таксама і ў беларускай мове. Як бытавую назву мы можам выкарыстоўваць слова «Каляды», бо і песні мы завем калядкамі, таксама і народны абрад хаджэння па хатах – калядаваннем і гэтак далей. Гэта такія фальклорныя назвы.
Праўда, мяне адно непакоіць: назва «Каляды» не на ўсёй тэрыторыі Беларусі ўжываецца ў такім выглядзе, і ў такім значэнні. Скажам, на Гарадзеншчыне і Бярэстчыне ў шматлікіх раёнах слова «Каляды» наогул не існуе ў множным ліку. Сам я родам з Брэсцкай вобласці. Там карыстаюцца толькі словам «Каляда», у адзіночным ліку, і так завецца менавіта тое, што па-руску гучыць як “Рождественский сочельник” (вечар перад Ражджаством). Яшчэ кажуць «Вадзяная каляда» – “Крещенский сочельник”.
А вось як раз само свята Нараджэння Хрыста у нас завецца «Ражджаством», але толькі існуюць мясцовыя варыянты: «Руздво», «Раздво».
Памятаю, чытаў тэксты этнографа Адама Багдановіча (бацька знакамітага беларускага класіка Максіма Багдановіча). І вось ён піша таксама аб «Калядзе» як аб назве паняцця “Рождественский сочельник”. Уся праблема ў тым, што зараз у нас «Каляды» зрабілі універсальным словам. Як быццам бы кожнаму беларусу павінна быць зразумела, што гэта Ражджаство так называюць. Але вось, напрыклад, для мяне «Каляды» – нешта звязанае з Ражджаством, але не больш. Нават калі ў той мясцовасці, дзе варыянт «Каляды» асноўвны, спытаць каго-небудзь, калі гэтыя Каляды пачынаюцца і заканчаваюцца, не ўпэўнены, што будзе выразны адказ. Таму, калі мы будзем працягваць ужываць гэтае слова, трэба каб было яснае разуменне, што ж такое для нас Каляды.
Але, на мой погляд, слова «Каляды» можа выкарыстоўвацца у быце як назва свята Ражджаства.
Аднак справа ў тым, што наша прэса, радыё і тэлебачанне зусім не жадаюць глыбей на гэта глядзець і разумець, што “Каляды” – не царкоўны, не багаслоўскі тэрмін.
Самы аптымальны варыянт – «Ражджаство». Ён існаваў яшчэ у даваенных багаслоўскіх публікацыях на беларускай мове. У наступны час у нас, вядома, нічога падобнага не выдавалася. Але вось у Польшчы ў беларускай газеце «Ніва» (Беласток) у 1970-я, 1980-я гады заўсёды друкавалі каляндар на наступны год, артыкулы аб святах. І там была назва «Ражджаство Хрыстова». Для праваслаўных вернікаў – самы зразумелы выраз.
– Зараз, бывае, гавораць, што «Каляды» – гэта больш па-беларуску, чым «Ражджаство».
– Што датычыць паходжання слова “Каляды”, тут аніякіх пытанняў няма. Паходжанне лацінскае. «Сalendae» – так зваліся першыя дні месяца. Адгэтуль і слова "каляндар" утварылася.
Такім чынам, «Каляды» не можа быць спрадвечным славянскім словам. Яно проста ў беларускай мове прыжылося і асвоілася.
А вось «Ражджаство» беларусамі ўжываецца ўжо больш тысячы гадоў. Бо з самога пачатку для набажэнстваў выкарыстоўвалася царкоўнаславянская мова. І ніколі нашы продкі іншага слова, акрамя як "Рождество" ў храме не чулі. Яго беларускі варыянт ужываўся і за царкоўнымі сценамі. Ну а калі гаварыць аб паходжанні, то «Ражджаство» – славянскае слова. І яно павінна быць нам бліжэй і радней. Да таго ж яно агульнае для ўсходніх славян.
Мне цяжка сказаць, калі ў нашай мове з'явілася слова «Каляда». Але тое, што слова “Рождество” (“Ражджаство”) з'явілася разам з прыходам хрысціянства –адназначна. І аб гэтым сведчаць помнікі беларускай пісьменнасці.
– Такім чынам, мы можам гаварыць «калядны падарунак», але не «Калядны пост»?
– Так. Тое, што датычыць да Царквы, патрабуе і царкоўнага наймення.

Г-та “Віцьбічы” (нумар за 10 студзеня 2008 года).


Падобнае

    5 каментарыяў

    1. Сяржук Серабро  
      10/студзень/2008 у 23:17

      Радасці вам, шчасця, шчодрага Божага благаслаўлення на святы Божага Нараджэння і калядны перыяд, а таксама на ўвесь надыходзячы Новы 2008 год

      Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
      Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

      http://catholic.by/port/documents/belarus/cristmas2007.htm

      А ПРЫ ЧУМ ТУТ КАНДРУСЕВІЧ??????

    2. czyk  
      11/студзень/2008 у 9:18 1

      Тым агульная лексыка і адрозьніваецца ад тэрміналягічнай, а сьвецкая мова ад царкоўнай, што значэньні не супадаюць. І праходзіцца ў школе ў раньніх клясах.

      У царкоўнай тэрміналёгіі, вядома, адназначна ня можа быць ніякіх калядаў, і сапраўдныя вернікі ніколі Божае нараджэньне з Калядамі не паблытаюць.

      Што да агульнаўжывальнай лексыкі, то яна пазначаецца ў слоўніках, і пазначана там — Каляды.

      І нарэшце, гаворым мы ў жыцьці беларускай мовай тымі словамі, якія прыжыліся й асвоіліся, а не якія выкарыстоўваюцца ў набажэнствах.

      Ражджаство — такое ж запазычаньне, як і Каляды, толькі не прыжытае, не асовоенае, і супярэчнае моўнаму ладу.

      Таму калі неабходна падкрэсьліць хрысьціянскую сутнасьць сьвята, варта карыстацца словам Раство, якое не парушае моўны лад, мае фіксацыю ў слоўніках (Б.-Н.), і ўжывалася ня толькі да вайны, а й да рэвалюцыі, пра што шаноўны суразмоўца Віцьбічаў палічыў за лепшае «забыць»

      да рэвалюцыі шмат чаго ўжівалася, а што парушае моўны лад, гэта кожны філолаг вырашае сам. таму што гэта спрэчная тэма ў дадзеным выпадку, у нашай пэўнай сітуацыі.
      Праваслаўная Царква вырашыла карыстацца “Ражджаством”. Гэта выбар праваслаўвных.
      І для іх яно даўно засвоенае. Айцец Сергій не проста поп, а мовазнавец з вялікім досведам.
      А слоўнікі зараз савецкіе...

    3. Зміцер Ягадка  
      11/студзень/2008 у 17:06 2

      "і ўжывалася ня толькі да вайны, а й да рэвалюцыі"

      да рэвалюцыі шмат чаго ужівалася, а што парушае моўны лад, гэта кожны філолаг вырашае сам. таму што гэта спрэчная тэма ў дадзеным выпадку, у нашай пэўнай сітуацыі.
      Праваслаўная Царква вырашыла карыстацца "Ражджаством". Гэта выбар праваслаўвных.
      І для іх яно даўно засвоенае. Айцец Сергій не проста поп, а мовазнавец з вялікім досведам.

    4. Ada?  
      4/студзень/2010 у 21:53 3

      Каляды (ад лац. calendae, «календы» - назва першага дня кожнага месяца ў старажытных рымлян), народнае зімовае свята _дахрысціянскага_ паходжання. Святкаванне К. звязана з перыядам зімовага сонцастаяння і адпаведна з першым павелічэннем самага кароткага дня ў годзе.

      А сьверджаньне айца Сергія Гардуна “А вось «Ражджаство» беларусамі ўжываецца ўжо больш тысячы гадоў.” выглядае на хлусьню, бо на землях, якія ў сучасьсе атрымалі назоў “беларускія”, хрысьціянства (нават не візантыйскае) прынесенае істотна пазьней за 1000 ад Н.Х. То бок, нашыя продкі аніяк не маглі ўжываць «Ражджаство» «ўжо больш тысячы гадоў».
      Дарэчы, пра нявельмі ысокі ўзровень веданьня айцом Сергіем Гардуном Беларускае мовы выразна сьведчыць ужываная ім відавочна небеларуская форма выказваньня «ужываецца больш тысячы гадоў». Беларусы ТАК ня кажуць. Гэтая форма ўласьцівая маскальскамоўным (расейскамоўным).

    5. Каляды ці Ражджаство? « Витебский форум 2.0  
      21/май/2012 у 16:29 4

      [...] Каляды ці Ражджаство? Опубликовано 2 года назад # [...]

    Trackbacks

    1. Каляды ці Ражджаство? « Витебский форум 2.0

    Каментаваць