Полацк-2007: рок-н-рол жыве!

Скончыўся сьнежань. Надышоў Новы 2008 год. Хтосьці ўсё яшчэ сьвяткуе, хтосьці падводзіць вынікі. Я таксама вырашыў падвесьці вынікі рок-н-рольнага жыцьця Полацкага рэгіёну за 2007 год. Кідаючы погляд на падзеі музычнага жыцьця, я магу сьмела зрабіць выснову, што Полацк можа ганарыцца ня толькі слаўным гістарычным мінулым.

Так, у большасьці канцэртаў, якія ладзіліся ў Полацку-Наваполацку мінулым годам, бралі ўдзел збольшага мясцовыя калектывы ці гурты, якія называюць “другім эшалонам”. Аднак аб узроўні мясцовых гуртоў яскрава сьведчаць вынікі “Басовішча” і “The Global Battle of The Bands”. “Скімен” ў Global Battle дайшоў да паўфіналу, а “Фляус і Кляйн” – да фіналу, і ў дадатак перамог на Басах.

Музычны год пачаўся з таго, што полацкая “Indra” як пераможца “Зваротнага адліку-2006” на “Еўрапейскім Радыё для Беларусі” паехала ў Беласток для запісу свайго дэбютнага альбому. Альбом “Сонцавакол” за цяжкі працоўны тыдзень быў запісаны на студыі “Рэмбрант”, гэта там, дзе пішуцца пераможцы “Басовішча”. У склад альбому ўвайшлі песьні Паўла Сьляпцова, Натальлі Клімавай і Леры Сом.

З прэзентацыі “Сонцавакол” “Indra” 4 сакавіка зрабіла цэлы канцэрт беларускамоўнага року пад назвай “Ноч Ваўкалака”. У ім прымалі ўдзел мясцовыя “The Planets” і “PiP”, менчукі “Рэха”. Хэдлайнерам з’яўляўся “Ulis”, які дарэчы, амаль тры гады перад тым не выступаў на беларускіх пляцоўках. “Ноч Ваўкалака” прайшла настолькі файна, што арганізатары плянуюць зрабіць падобны канцэрт і ў наступным годзе.
Другой значнай падзеяй была прэзентацыя альбому “NRM” “06”, што адбылася амаль на паўгады раней за мінскую (28 траўня). Як заўжды, музыкі былі на вышыні, сьпявалі і свае старыя гіты, і песьні з новага альбому. Песенькам “Менск-Мінск” і “Гадзюшнік” падпявала большая частка залі, бо ўжо ведала іх па складанцы “Песьні Свабоды -3” і гіт-параду “Тузіну гітоў”.

Верасень і навучальны год быў распачаты канцэртам “Акіяну Эльзы” і “J-Moрс” – дзякуй “Velcom”! Жудасна халоднае надвор’е не сапсавала сьвята.
Гаворачы аб самых буйных падзеях году, нельга абмінуць 17-ты фестываль “Рок-Кола”. У гэтым годзе тут бралі ўдзел гурты ня толькі з Беларусі, але і расейцы, што выступалі і як госьці фэсту, і як канкурсанты. Два дні Полацк жыў музыкай. Мяркуючы па колькасьці гледачоў у самай вялікай залі гораду, рок-н-рол тут вельмі запатрабаваны. Так што дарагія “зоркі” – прыязджайце, будзем вельмі радыя. “Кола” ці ня “Кола”, а пры жаданьні канцэрт тут адбыцца можа.

А да Новага году мне зрабілі адмысловы падарунак – канцэрт “Таварыша Маўзера” 28 сьнежня ў клюбе “Плястылін”.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ