У Полацку ўрачыста адзначылі 70-годдзе журналіста Германа Кірылава

Неяк у рэдакцыю газеты «Сцяг камунізма» (былая назва «Полацкага весніка») завітаў пазаштатны карэсландэнт. Ён прынес інфармацыю пра святую Еўфрасінню Полацкую. Герман Кірылаў, ён быў тады намеснікам галоўнага рэдактара, інфармацыю апрацаваў, і яна была надрукавана. А праз пэўны час, на адным з пасяджэнняў у Віцебскім абкаме кампартыі, куды былі запрошаны журналісты, сакратар па ідэалогіі грозна ўшчувала Кірылава за змешчаную заметку пра полацкую святую: маўляў, не пра тых людзей пішаце, Кірылаў, які гэта прыклад для маладых?

У той мамант Герман Кірылаў не стаў спрачацца, а, вярнуўшыся дамоў, сеў за навуковую даведку. У хуткім часе ён накіраваў яе ў абкам партыі. Адтуль — ні слова. Былы універсітэцкі студэнт-выдатнік на аснове гістарычных звестак даказаў, што святая Еўфрасіння — гонар беларускага народа, што па яе заказу будаваліся выдатныя помнікі дойлідства, ствараліся шэдэўры ювелірнага мастацтва, што Прападобная зямнымі подзвігамі несла асвету сваім землякам. Адзін з сяброў-журналістаў, просячы экзэмпляр яго навуковай даведкі, нявесела пажартаваў: «Каб не святая Еўфрасіння, да гэтага часу на дрэвах сядзелі б».

Пасля той сутычкі полацкіх журналістаў не чапалі, маўляў, скажаш слова, а яны — вось які адказ дашлюць. Ды ўсё выверана, даведнікі і крыніцы прыведзены.

Цяпер гэты выпадак як легенда перадаецца з пакалення ў пакаленне сярод мясцовых журналістаў, тым самым пацвярджаючы, як патрэбна адстойваць праўду. І вельмі яскрава характарызуе самога Германа Іларыёнавіча Кірылава, журналіста і пісьменніка, чалавека, адданага роднаму слову і сваей Бацькаўшчыне, які ў снежні мінулага года адзначыў 70-годдзе.

Вечарына з нагоды ўрачыстасці адбылася ў бібіліятэцы імя Янкі Купалы. Каб павіншаваць Германа Іларыёнавіча са святам сабраліся ягоныя калегі — журналісты, пісьменнікі, удзельнікі літаратурнага аб'яднання «Наддзвінне», якое ён узначальваў не адзін год. Прыйшлі і героі ягонай кнігі «Гарт» — Леў і Марыя Бялевічы, навучэнцы былой Глыбоцкай педвучэльні, якія ў юнацкім узросце былі сасланы ў ГУЛАГ.

Валянціна Крук, намеснік дырэктара ЦБС г Полацка, якая вяла вечарыну, старалася больш даваць слова юбіляру. І Герман Кірылаў расказваў. Пра сваё дзяцінства ў Шкунціках і Шаркоўшчыне, пра арышт любімага настаўніка Янкі Рымдзёнка і пра тое, як ён яго шукаў, стаўшы дарослым. Пра сваіх родных, вучобу ва універсітэце і працу. Выбары на камсамольскую работу, а пасля работу газетчыка, у тым ліку ў «Сцягу камунізма», уласным карэспандэнтам «Віцебскага рабочага».

Журналістам працаваў днём. А па вечарах Герман Кірылаўпісаў апавяданні, аповесці, раманы. Спачатку была надрукавана яго першая кніга апавяданняў «Падлётак», пасля — раман «Пах жыта», аповесць «Піраміда», дакументальная аповесць «Гарт», якая прызнана адной з лепшых кніг 1997 года. Герману Кірылаву прысуджана прэмія імя Алеся Адамовіча. У ягоным стале другая кніга рамана пад назвай «Недзе ў мястэчку», п'есы «Аблога» і «Цярновая карона каралевы Барбары». Яны яшчэ чакаюць свайго чытача.

У гэты вечар вельмі многа і цёпла гаварылі пра юбіляра ягоныя калеп — Змітрок Куніцкі, Лявон Неўдах, Ірына Жарнасек, Валянціна Нагорная, сааўтары кніп «Гарт» Леў і Марыя Бялевічы... Гучалі песні ў выкананні Зміцера Пугачэўскага, сям'і Лёціных.

Было цёпла і ўтульна на сустрэчы з чалавекам энцыклапедычных ведаў, майстрам слова, які стараецца расказаць людзям пра жыццё народа, чалавека сціплага і самаадданага, які не збочвае, а ідзе да канца абранай дарогай.

Паводле газеты «Полацкі веснік»


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць