Віцьбічы ўжо адчулі на сабе указ №760

Сумнавядомы указ прэзідэнта, які вымушае індывідуальных прадпрымальнікаў згортваць сваю дзейнасць, ужо адбіваецца на штодзённым жыцці віцьбічаў. Прычым адбіваецца пераважна з негатыўнымі наступствамі.

Уся "валтузня" вакол прэзідэнцкага Указу №760 простаму працоўнаму люду напрацягу доўгага часу падавалася ня вартай увагі – ну, тузанулі прадпрымальнікаў, хіба ж яны зноў ня выкруцяцца? У саму сутнасць справы без дай прычыны ніхто не паглыбляўся, адзінае што чакалі чарговага падвышэння коштаў, бо, натуральна, усе страты бізнэсмены будуць кампенсоўваць. Хата шэраговага кліента заставалася з краю акурат да навагодняй ночы, пасля якой індывідуальныя прадпрымальнікі былі пазбаўлены права наймаць супрацоўнікаў "з вуліцы". З 1.01.2008 працаваць на "іпэшніка" могуць толькі блізкія суродзічы.

Раніца працоўнага дня, вуліца Гагарына, прыпынак грамадскага транспарту. Адзінкавыя маршрутоўкі, спрэс запоўненыя спяшаючыміся на работу, раз на 15-20 хвілін праносяцца міма тых, хто чакае. Праз пэўны час да прыпынку падцягваецца "гармонік", даверху забіты жыхарамі г.п. Руба, і тут для працаўніка з Гагарына ня знойдзецца месца. Яшчэ месяц таму ён меў магчымасць сесці ў вялікі камерцыйны аўтобус, празваны ў народзе "тытанік", альбо дакласці Br300 і даехаць да офіса альбо завода на маршрутоўцы, балазе хадзілі апошнія ледзь ня кожныя тры хвіліны, прычым ва ўсіх накірунках. З новага года сітуацыя змянілася і колькасць прыватнага транспарта на маршрутных лініях рэзка зменшылася – індывідуальныя прадпрымальнікі вымушаныя звальняць наймітаў-кіроўцаў, альбо пераводзіць сваю дзейнасць у форму прыватнага ўнітарнага прадпрыемства з высокімі падаткамі, папяровай валакітай і ўзмоцненым кантролем з боку дзяржавы.

Прамым вынікам гэтага стала тое, што на праваслаўныя Каляды ўсе жадаючыя дабрацца дахаты пасля святкаванняў сутыкнуліся з недахопам індывідуальных таксовак і вымушаныя былі доўгі час чакаць альбо звяртацца да нелегалаў. У Гомелі дайшло да таго, што мясцовыя ўлады будуць праводзіць конкурс на найбольш прыбытковыя маршруты, якія цалкам вызваліліся ад транспарту пасля пачатку ажыццяўлення 760-га указу. Трэба ж неяк заахвочваць перавозчыкаў пераводзіць свой бізнэс на колы унітарнага прадпрыемства.

Натуральна, што падобныя праблемы паўстаюць па ўсіх сферах прыватнага сектару: уся сфера абслугоўвання спешным чынам пераводзіць сваю актыўнасць на новы капыл, там-сям зачыняюцца шапікі і павільёны, не працуе ладная частка гандляроў на віцебскіх кірмашах. Іх незадаволеным кліентам самы час ехаць на Менск і далучацца да пратэстных акцый.

Чытайце яшчэ