У драмтэатры праходзіць выстава маладога віцебскага мастака П.Іванова

“Я малюю невыпадкова”, – так лічыць малады віцебскі мастак Павел Іваноў. Выстава ягонай графікі пад філасофска-матэматычнай назвай “Жыццё ў квадраце” адкрылася ў мінулую нядзелю, 20 студзеня, у фае Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Адзначым, што юнае дараванне – у былым спартсмен.

Гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што якія толькі выкрутасы не робіць з чалавекам жыццё! Ведаю выпадкі, калі міліцыянер стаў святаром, вайсковец “перакваліфіцыраваўся” у журналіста, а былая доктарка ззяе на тэлеэкране ў якасці вядучай. Вось вам і яшчэ адзін прыклад: спартовец стаў мастаком.

У дзяцінстве Павел Іваноў займаўся лыжным спортам і біятлонам. У 2001 годзе, скончыўшы Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву, паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры. Але праз чатыры гады вучобу там кінуў. Напэўна, для гэтага рашэння былі свае перадумовы. Ды і сям’я, у якой гадаваўся будучы мастак, не зусім звычайная: бацька Паўла працаваў трэнерам па біятлоне, але пры гэтым заставаўся творчым чалавекам, а маці-эканаміст захаплялася фатаграфіяй. І ўвосень 2005 года, пасля развітання з універсітэтам, хлопец правёў сваю першую выставу. Ды не абы-дзе, а ў італьянскім горадзе Чазена. А яшчэ праз год творчасць П.Іванова ўбачылі ўжо ў родным Віцебску – у Цэнтры сучаснага мастацтва.

У экспазіцыю, якая праходзіць зараз у драмтэатры, увайшло не так шмат твораў дваццаціпяцігадовага мастака. Але ўсе яны адметныя, і не толькі абагульняючай назвай. Павел, як і кожны творца, бачыць свет па-свойму, і ягонае “Жыццё ў квадраце” атрымалася шмтгранным: цярністым і радасным, шэрым і сонечным, невытлумачальным і зразумелым.

Пазнаёмцеся, гэта “Асоба” – на жывоціку ляжыць маленькі голенькі чалавечак (так чамусьці вельмі любяць фатаграфаваць сваіх немаўлят практычна ўсе бацькі). У чалавечка агромністыя дапытлівыя вачаняты, і жыццё ягонае яшчэ непражытае, але ж ён ужо асоба. А вось вам “Шчасце” – побач намаляваны два яблыкі. Адзін – вялікі і белы, а другі – маленькі і зялёны. Так і ў жыцці чалавечым: камусьці дастанецца шчасце, як крамянабокі, салодкі “белы наліў”, а камусьці кіслы агрызак. Дый за такое шчасце трэба дзякаваць Богу. Аднак больш за ўсё ўразіла праца пад назвай “Лёс”: моцна счэпленыя рукі трымаюць крыж. А крыж той нагадвае перакладзіну аконнай рамы ў змрочнай вязніцы. Ну ці, напрыклад, птушкі, як вядома, ляцяць клінам. А ў Паўлавым небе – рвецца ўвышыню “Квадратны касяк”. І птахі нейкія жалобныя, нетутэйшыя, і зноў жа – крыжападобныя...

У тэатры імя Я.Коласа не так часта праходзяць выставы, і гэта ўдвая пачэсна для пачаткоўца. “Наш тэатр, адзін са старэйшых ў рэспубліцы, гасцінна прыняў маладога мастака”, – адзначыла на прэзентацыі экспазіцыі загадчыца літаратурнай часткай драмтэатра Святлана Дашкевіч. Паводле яе словаў, выстава П.Іванова ладзілася тут раней. Але ў першы раз гледачы яе не ўбачылі: строгае начальства палічыла, што дзве работы “не ўпісваюцца” ў інтэр’ер акадэмічнага тэатра, і выставу давялося зняць.

У той вечар коласаўцы ігралі свой знакаміты спектакль “Ён. Яна. Акно. Нябожчык”. Нягледзячы на тое, што гэта камедыя ўжо не першы год на сцэне, яна застаецца адной з самых любімых ў віцебскіх гледачоў. Зал і на гэты раз быў паўнюткім. Таму ў “Жыцця ў квадраце” П.Іванова перад пачаткам спектакля і ў антракце было шмат гледачоў.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць