Ня стала віцебскай паэткі і журналісткі Яўгеніі Мальчэўскай

19 судзеня абарвалася жыццё вядомай віцебскай паэткі і журналісткі Яўгеніі Мальчэўскай.  Як  паведамілі  ў  пракуратуры Першамайскага раёна Віцебска,  яе труп з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі  ва  ўласнай  кватэры.  Заведзена  крымінальная справа,  вядзецца  следства.

Яўгенія Еўдакімаўна нарадзілася 25 жніўня 1949 года ў вёсцы Замошша Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля школы паступіла ў Бабруйскі тэхнікум гумавай прамысловасці, пасля заканчэння якога некалькі гадоў працавала на заводзе. У 1970 годзе прызначана карэктарам рэдакцыі бабруйскай газеты “Камуніст”, у 1972-1973 гадах — супрацоўнік рэдакцыі Чашніцкай раённай газеты “Чырвоны прамень”.

Пасля заканчэння беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру ў Равінічах Чэрвеньскага раёна. У 1980 годзе пераехала з мужам на Віцебшчыну і працавала ў школе працоўнай моладзі. З 1987 годза выкладала беларускую мову ў школе Талачына, з 1989 года – у школе Віцебска. Працавала ўласным карэспандэнтам па Віцебскай вобласці рэспубліканскай газеты “Беларуская ніва”.

Першыя вершы “Залатая мяцеліца”, “Серабрыліся ля хат таполі…” і іншыя з'явіліся ў 1969 годзе ў газеце “Магілёўская праўда”. Затым вершы Я.Мальчэўскай змяшчаліся ў калектыўных зборніках “Вёсны”, “Нашчадкі”, “Люблю будзёны дзень”, “Дзень добры, мама”, альманаху “Дзень паэзіі”, а таксама ў раённым, абласным, рэспубліканскім друку.
Я.Мальчэўская – аўтар паэтычнага цыклу “Святло асенняе зярнят” (у зборніку “Нашчадкі”), зборніка “Залежнасць”. Асноўнае ў яе вершах — любоў да Радзімы, яе народа, пачуцці кахання, сяброўства, узаемаадносіны паміж людзьмі, іх заклапочанасць праблемамі сучаснасці. З’яўляецца аўтарам апавяданняў “Мачаха”, “Яраслаўна”.

Рэдакцыя “Народных навін Віцебска” выказвае шчырае спачуванне родным, блізкім, сябрам і калегам Яўгеніі Еўдакімаўны.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ