У Наваполацку ствараецца новая экалагічная арганізацыя

У Наваполацку ствараецца новая грамадская экалагічная арганізацыя. Рашэнне грамадскасці было задаволена гарадской адміністрацыяй 23 студзеня на сустрэчы эколагаў, прадстаўнікоў Мінпрыроды і Наваполацкага гарвыканкама.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на аднаго з ініцыятараў стварэння арганізацыі Валерыя Шаўчэнку, чакаецца, што арганізацыя будзе зарэгістравана пад назвай “Экосоциус”. Яна будзе першай зарэгістраванай грамадскай экалагічнай арганізацыяй у Наваполацку. Першапачаткова ў яе ўвойдуць 10-12 чалавек. Арганізацыя будзе займацца рашэннем эколага-сацыяльных праблем Наваполацка, у прыватнасці, праводзіць экспертызу рашэнняў кіраўніцтва горада ў гэтай сферы.

Асноўныя накірункі будучай дзейнасці – вырашэнне праблемы з пітной вадой у горадзе, адсочванне сітуацыі з будаўніцтвам у Наваполацку прадпрыемства па перапрацоўцы цвёрдых бытавых адкідаў, інфармаванне насельніцтва пра асноўныя экалагічныя паказчыкі – якасць вады, паветра. Па словах В.Шаўчэнкі, гарадская адміністрацыя ўжо ўзяла на сябе абавязацельства па размяшчэнні такой інфармацыі на гарадскім сайце і ў мясцовай газеце.

Як падкрэсліў суразмоўца БелаПАН, на сённяшні дзень доля Наваполацка ў забруджванні паветра ў маштабах Віцебскай вобласці складае 45-46%, пры гэтым 76% забруджвання паветра адбываецца з-за дзейнасці “Нафтана”.


Падобнае

    Каментаваць