Войска рэзервістаў: як патрапіць і як служыць

Касіць ад войска – адна са шматлікіх нацыянальных беларускіх традыцый. Яна цягнецца яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага, калі шматлікія шляхцюкі шчыра "забівалі" на чарговае паспалітае рушэнне, аддаючы перавагу цёплай пярыне, папойкам у корчмах ды квятастым андаракам мясцовых прыгажунь. Што праўда, для такіх ваяроў меліся адмысловыя артыкулы ў славутым Статуце.

Для сучасных прызыўнікоў таксама маецца некалькі радкоў у адміністратыўным і крымінальным кодэксах Рэспублікі Беларусь на выпадак, калі тыя вырашаць пацягнуцца за заганнымі звычкамі сваіх продкаў. Але сёння велікакняжацкая, прабачце, дзяржаўная ўлада карыстаецца не толькі пугаю, але і час ад часу пернікам. Для "патэнцыйных", але "не жадаючых" у сістэме абароны родных абшараў быў прыдуманы асаблівы фронт – рэзервовы.

Служба ў рэзерве з'явілася ў беларускім войску адносна нядаўна. На самым пачатку, гады тры таму, трапіць туды мог далёка ня кожны нават з ліку "раўнейшых сярод роўных". Цяпер з кожным годам колькасць рэзервістаў неўтаймавана расце і прычына гэтаму дастаткова банальная – фінансаў на такіх жаўнераў можна выдаткоўваць куды меней. Расце і колькасць маладых мальцаў, якія жадаюць паслужыць тры разы па сорак дзён на працягу тэрміна ў паўтары гады, а не выносіць ўсе складанасці вайсковага жыцця з дня ў дзень дванаццаць месяцаў запар. Дванаццаць, а не ўсе васемнаццаць таму, што рэзерв можа стаць альтэрнатывай тэрміновай службы толькі для тых, хто скончыў вышэйшую навучальную ўстанову, і пры пэўных раскладах быў бы прызваны на год, каб у войску з гонарам насіць мянушку "гадзіла".

Мовай афіцыёзу...

Першы прызыў рэзервістаў складаў 820 чалавек, а ўжо праз год іх набралі 3000, колькасць жа спецыяльнасцяў павялічылі ад 22 да 78. Гэтыя лічбы пастаянна растуць па сённяшні дзень, і ў 2007 годзе спецыяльнасцяў было ўжо 111. "Рэзервовыя" жаўнеры мусяць займацца ў класах і палявых умовах па 8-10 гадзін на дзень, шэсць дзён на тыдзень. З салдат фармуюць роты і ўзводы. Адзіны батальён у Беларусі, цалкам укамплектаваны з ліку рэзервістаў дзейнічае ў Спаскім гарадку (Полацак).

Лічыцца, што ў рэзерве за свае чатыры з паловай месяцы службы салдат атрымлівае тую ж спецыяльнасць, што і звычайны тэрміноўца за васемнаццаць. Рэзервіст распарадкам службы пазбаўлены магчымасці несці разнастайныя нарады, акрамя як унутры падраздзялення. Але, пасля заняткаў ці тым больш пад час паркава-гаспадарчага дня, можна цалкам законна патрапіць і на кухню, і на качагарку, і ў аўтапарк.

Рэзервіст мусіць па павестцы штораз прыходзіць з "грамадзянкі" ў сваю частку, інакш гэта ўжо не рэзервіст, а дэзерцір. На працы такому чалавеку мусяць даваць водпуск за ўласны кошт з абавязковым захаваннем месца. Любая ўстанова, куды быў прымусова размеркаваны выпускнік ВНУ, можа без прававых наступстваў адмовіцца ад такога супрацоўніка ў выпадку прызыву ў войска, але па вяртанню адтуль ужо універсітэт мусіць размеркаваць былога студэнта ў новае месца (час, праведзены ў арміі, залічваецца выпускніку, як працоўны на месцы размеркавання).

Ужо напачатку службы ў рэзерве кожны салдат атрымлівае паўнавартасны ваенны білет.

... і нефармальныя ўражанні

Першапачатковае уражанне ад беларускага войска, як ад аднаго суцэльнага ідыятызму, ў рэзерве адчуваецца не менш востра, чым на тэрміновай службе. З цягам часу чалавек, як вядома, да ўсяго звыкаецца, але непрыхаваная непрыязнасць звонку будзе суправаджаць прывілеяваных салдацікаў на працягу ўсёй службы. Чаму ненавідзяць тэрміноўцы, тлумачыць, як падаецца, ня трэба, а вось з афіцэрскім складам ня ўсё так проста. Часта якісь капітан кіне ў вочы, маўляў, мала таго што вы дарослыя і "борзыя", дык яшчэ і на 40 дзён толькі прыйшлі. Дый рэдкі прапар не прыгадае рэзервісту пасля чарговага праколу, што ў таго вышэйшая адукацыя. Прычым няважна, у чым пракол: сарціры ты дрэнна аддраіў ці не вывучыў абавязкі дзяжурнага па роце. Карацей, кожны камандзір ня любіць па-свойму.

Служыць, у поўным сэнсе гэтага слова, могуць толькі тэрміноўцы. Рэзервісты альбо бавяць вольны час альбо працуюць. Звычайная карціна: у фізгарадку шэраговы склад тэрміновай службы ў поўным гумавым рыштунку адпрацоўвае заданні па хімічнай і радыяцыйнай бяспецы. Побач рэзервісты з аголенымі торсамі граюць у валейбол. І ў тых, і ў іншых заняткі, толькі ў першых – РХБЗ, а ў другіх – "фізо". Хаця нельга не дадаць, што падобныя рэчы вельмі моцна залежыць ад вайсковай часткі і яе кіраўніцтва.

Рэзервісты масава бяруць з хаты вітаміны і таблеткі, але ўсё роўна становяцца самымі актыўнымі наведвальнікамі медсанчасткі. Не менш заўзята яны ходзяць у бібліятэку, дзе, натуральна, з'яўляюцца больш пажаданымі госцямі.

"Партызаны", як часам называюць рэзерв салдаты тэрміновай службы па аналогіі з дарослымі дзядзькамі, якіх прызываюць з запасу раз на пяць год у палявыя умовы "паваяваць" (чытайце – "папіць гарэлкі"), служаць адносна ізалявана ад астатніх ваяроў – сваім калектывам, са сваім начальствам і ў асобнай казарме. У некаторых частках кіраўніцтва ледзь не афіцыйна перарывае ўсялякага роду стасункі рэзервістаў з тэрміноўцамі, асабліва напачатку іх службы. Гэта дае свой плён, і ў рэзерве, звычайна, няма нават намёкаў на дзедаўшчыну. Хаця наўрад ці "дзядуха" увогуле можа квітнець сярод дарослых адукаваных мальцаў, якія прыйшлі ў войска на паўтары месяцы толькі дзеля таго, каб ад іх нарэшце адвязалася дзяржава.

Усе гэтыя акалічнасці выліваюцца ў асаблівыя адносіны ваяроў-рэзервістаў да сваёй службы і да войска ўвогуле. Тут незалежна адзін ад аднаго маладзёны нараджаюць думкі пра тое, што беларуская армія сталася гэткай рэзервацыяй для людзей, у якіх па жыцці, ну нічога не атрымалася, таму яны нарэшце знаходзяць сябе ў псеўдасуворых вайсковых буднях з лаянкай, прыніжэннямі і неабавязковасцю "думаць". Відаць, за такі падыход да справы абароны Радзімы рэзервістам нават не выдаюць шэўронаў з надпісам "Узброеныя сілы".

Пройдземся па частках

Падзвінскія мальцы могуць патрапіць, бадай, у любую з тых вайсковых частак Рэспублікі Беларусь, якая ў сваіх характарыстыках падтрымлівае опцыю набору рэзервістаў: і да віцебскіх чыгуначнікаў, і ў барысаўскія Печы. Але найбольш масава нашых набіраюць "купцы" з частак віцебскай вобласці. З некаторымі шчасліўцамі, трапіўшымі ў Заслонава, Межыцы і Бароўку, аўтару ўдалося трохі пагаманіць.
Сам не быў, але скажу – па першасных уражаннях самая ненапружлівая і лёгкацечная служба, прынамсі летась, была ў тых хлопцаў, што патрапілі ў Заслонава. Тут некаторыя з рэзервістаў нават не пакаштавалі нарада па роце, не кажучы пра астатнія хароствы ваеннага жыцця. Адносна спакойна тут можна было карыстацца мабільным тэлефонам, захоўваць ва ўласных тумбачках рэчы, якія, ну, ніякім чынам не мусяць там знаходзіцца адпаведна вайсковаму статуту. Нават дахаты заслонаўскіх адпусцілі раней за прызначаны тэрмін – акалічнасць, якая можа толькі прымроіцца жаўнерам з Межыцы ці Бароўкі.

У Бароўцы сітуацыя цалкам супрацьлеглая "заслонаўскай", бо адпускаюць тут дахаты, як захочуць, "шмон" па тумбачках – звыклая справа, а мабільнымі тут можна карыстацца толькі сярод сваіх, у сэнсе без афіцэраў. З прычыны таго, што ў Бароўцы месціцца ніхто іншая, як "багіня вайны", асобныя артылерыйскія разлікі якой ва ўмовах сучаснага бою жывуць некалькі секунд, то і значны час службы рэзервісты вымушаны праводзіць у самых што ні на ёсць артылерыйскіх умовах – на палігоне. То бок, падалей ад начальства, бліжэй да прыроды. З прыемных момантаў: адносна нядаўна дадзеная частка перайшла на ваенгандляўскае харчаванне, наблізіўшы тым самым салдацкае "Смачна есці!" да рэчаіснасці. Есціся, сапраўды, стала смачней.

А вось межыцкім зенітчыкам з ежай пашанцавала менш, бо акрамя звычайнай сістэмы гатоўкі блюдаў (у працэсе па максімуму задзейнічаны афіцэрска-салдацкі склад часткі), дадзеная частка вітае рэзервістаў яшчэ і ўласным гаспадарчым дваром са свінкамі. Нарад туды атрымаць не ўдасца па вышэй азначаным прычынам, але трапіць падчас паркава-гаспадарчага дня – гэта, калі ласка. На палігон, акрамя ўдзелу ў планавых стрэльбаў, рэзервістаў у Межыцах не цягаюць, але працы хапае штодзень з-за высокай кадраванасці часткі. Умоўна кажучы, у кадраваных частках на дваіх салдат прыходзіцца сорак начальнікаў. Спаць тут прыходзіцца на двухпавярховых ложках, за тэлефоны ганяюць як мае быць, а тумбачкі правяраюць ледзь не штотыдзень, затое служыць сюды вызываюць толькі ў цёплую пару – эканомяць на вопратцы; але рэзервісты толькі і рады, што не пазнаюць цяжкага змагання са снегам ўзімку і з лістотай ўвосень.

І што для гэтага трэба?

Як ужо адзначалася, служба ў рэзерве – гэта, найперш, прывілей хлопцаў са скончанай вышэйшай адукацыяй, прычым няважна, вучыўся прызыўнік на стацыянары ці на завочнай форме. Пры пэўных абставінах, г. зн. сувязях, бяруць сюды і пасля ПТВ ці тэхнікума, але далёка ня ўсе часткі і тэрмін перманентных стасункаў з вайсковым асяроддзем у такім выпадку расцягваецца да трох год, напрацягу якіх салдацік мусіць адслужыць шэсць месяцаў.

Куды больш важна для патэнцыйнага рэзервіста ведаць, кім быць нельга. Катэгарычна забараняецца дэманстраваць ў ваенкамаце правы кіроўцы катэгорыі "С" (грузавыя аўто), бо ў такім выпадку ад тэрміновай не адбіцца нават з благім здароўем. Непажадана ведаць цырульнікаву альбо кухарскую справу – такія кадры таксама патрэбныя ў беларускім войску на пастаянную аснову.
З сучасных трох ступеняў прыдатнасці ў будучага рэзервіста мусіць быць другая, ці нават лепей трэцяя. Ідэальны стан здароўя літаральна з'яўляецца пуцёўкай на гадавую казарменную службу ў шэрагах дэсантнікаў, памежнікаў ці нават спецназа.

Ну і натуральна, што пачынаць хадзіць да ваенкамату трэба строга па цёпламу надвор'ю, бо ўзімку на рэзерв жаўнераў не набіраюць.

Маючы дадзеныя перадумовы, дастаткова падчас суразмоўя з начальнікам прызыўной камісіі на пытанне: "Дзе хочаце служыць?", цвёрда адказаць: "У рэзерве!", і на вашых дакументах аловачкам пазначаць запаветнае: "Рэзерв". Хаця цалкам верагодна, што перад гэтым прыйдзецца выслухаць заявы кшталту: "Гэта хто так вырашыў?!", "А з чаго ты ўзяў, што цябе возьмуць?". Будзьце настойлівымі і мэтанакіраванымі, тады ў вас стоадсоткава ўсё атрымаецца.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць