Віцебскі школьнік Уладзіслаў Пятрухін паедзе на Алімпіяду-2008 у Пекін

15-гадовы вучань з Віцебска Уладзіслаў Пятрухін і 16-гадовая школьніца з Мінска Дар’я Кавалёва сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Пекін-2008”. У якасці ўзнагароды яны паедуць у кітайскую сталіцу, дзе з 5 па 18 жніўня будуць жыць у Алімпійскім моладзевым лагеры.

У.Пятрухін вучыцца ў 9 “М” класе СШ №37 Віцебска. Доўгі час займаўся фігурным катаннем. У мінулым годзе першынстваваў на рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы.

Конкурс сярод знаўцаў спорту і гісторыі алімпійскага руху праходзіў у пяць тураў з 1 верасня па 31 снежня 2007 года. Конкурсныя пытанні (а іх было 50) друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах, у прыватнасці, у вядучым спартыўным выданні краіны “Прессбол”. Да прыкладу, трэба было адказаць на такія пытанні: якая даўжыня цяжкаатлетычнай штангі? як звалі першага ўраджэнца Беларусі, які заваяваў алімпійскі медаль, у якой вайне ён удзельнічаў і ў якім званні яе скончыў? Да таго ж удзельнікі павінны былі свадобна валодаць англійскай мовай.

Падвядзенне вынікаў конкурсу, у якім удзельнічалі больш за 3000 чалавек, адбылося 24 студзеня ў мінскай штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК). Акрамя пуцёвак у Пекін, пераможцы атрымалі пластыкавыя карткі аднаго з банкаў, а прызёры – мабільныя тэлефоны, веласіпеды, наборы посуду.

У Алімпійскі моладзевы лагер запрошаны 800 чалавек. Сярод іх 400 пераможцаў нацыянальных конкурсаў, 25 юнакоў і дзяўчат з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Астатнія – маладыя кітайцы, удзельнікі аналагічнага конкурсу ў сваёй краіне. Лагер займае тэрыторыю 55 тысяч квадратных метраў. Маладыя людзі наведаюць адкрыццё Алімпійскіх гульняў і шэраг спаборніцтваў, для іх будуць арганізаваны разнастайныя экскурсіі.

Падобныя конкурсы праводзіліся перад летнімі Алімпіядамі 2000 года ў Сіднэі і 2004 года ў Афінах.

Па матэрыялах газеты “Прессбол” і БелаПАН.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць