Міністэрства культуры будзе кантраляваць захаванне маёнтка А.Ромера на Пастаўшчыне

Міністэрства культуры патрабуе ад Пастаўскага райвыканкама правядзення першапачатковых супрацьаварыйных мераў для захавання ў вёсцы Каралінава былога маёнтка беларускага, літоўскага і польскага мастака, мастацтвазнаўца і грамадскага дзеяча Альфрэда Ісідора Ромера.

Пра гэта гаворыцца ў адказе намесніка міністра Віктара Кураша на зварот старшыні грамадскай рады па ўшанаванні памяці А.Ромера мастака Алеся Цыркунова. Намеснік міністра патрабуе ад Пастаўскага райвыканкама распрацаваць магчымасць адкрыцця разліковага рахунку для збору сродкаў на рэстаўрацыю маёнтка і вырашэння шэрагу пытанняў па ўшанаванні памяці А.Ромера.

Акрамя таго, В.Кураш паведаміў, што Камайская школа прызначана шэфам былога маёнтка. Студэнтам-валанцёрам Белдзяржуніверсітэта прапанавана арганізаваць летні лагер у Каралінаве і правесці першачарговыя працы па забеспячэнні захавання будынка былой сядзібы.

У звароце ў Мінкультуры і Віцебскі аблвыканкам ад 13 верасня 2007 года А.Цыркуноў выказаў заклапочанасць пагрозай разбурэння сядзібы А.Ромера, якая знаходзіцца на балансе Пастаўскага райвыканкама. Ён адзначыў, што пасля таго, як у 2003 годзе з аднапавярховага драўлянага з мезанінам будынка ўнікальнай планіроўкі выселілі пачатковую школу, маёнтак паступова разбураецца. Нядаўна знікла агароджа сядзібы і знесена стайня, пабудаваная ў XIX стагоддзі. Грамадскасць двойчы звярталася ў райвыканкам па дазвол на правядзенне рамонта даху будынка, аднак атрымлівала адмоўны адказ.

А.Ромер – выхадзец са старажытнага шляхецкага роду нямецкага паходжання. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць рускага царызму 1863-1864 гг. З 1874 г. напрацягу дзесяці гадоў жыў у маёнтку Каралінава, пабудаваным па ягоным праекце недалёка ад вёскі Камаі Пастаўскага раёна. Пісаў партрэты, пейхажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэлігійныя сюжэты. Асаблівую каштоўнасць маюць этнаграфічныя замалёўкі сялянскага быту беларусаў. Вывучаў народнае мастацтва Беларусі, падрыхтаваў даследванне пра слуцкія паясы.

Паводле БелаПАН.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць