На Дошку гонару за добрае веданне роднай мовы

Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў... Гэта далёка не ўсе беларускія пісьменнікі, творы якіх любіць чытаць і перачытваць Насця Качан, вучаніца 10«В» класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1. Ужо трэці год запар яна прымае ўдзел у Рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе па беларускай мове, займае першыя месцы і лічыць, што мова — гэта жыццё. У хуткім часе Анастасію Качан можна будзе ўбачыць на гарадской Дошцы Гонару.

Дасягненні Насці сапраўды ўражваюць. Першы раз, яшчэ ў восьмым класе, на адным узроўні з дзевяцікласнікамі яна ўдзельнічала ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і ў канчатковым выніку заняла абсалютнае першае месца. У 2007-м была ў рэспубліцы пятай (ад чацвёртага выніку аддзяліла ўсяго адна дзесятая бала) і атрымала дыплом II ступені. У гэтым навучальным годзе, на абласным этапе, — зноў першая.

Любоў да мовы, цікавасць да яе вывучэння, а разам з ёй і жаданне перамагаць у алімпіядах, як прызнаецца Насця, прывіла ёй настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Казлова. Дарэчы, яна ў школьныя гады таксама прайшла алімпіяд-ныя шляхі, а зараз стварыла цэлую каманду знаўцаў беларускай мовы і літаратуры. У яе складзе, акрамя Насці, гімназісткі Вера Падасінавік (10«В») і Вольга Аблажэвіч (10«Г»), таксама мінулагоднія пераможцы алімпіяды. Зараз усе тры дзяўчыны плённа рыхтуюцца да заключнага этапа Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, які пройдзе на вясенніх канікулах.

Абараняць гонар гімназіі, роднага Полацка на рэспубліканскім узроўні — нялёгкае выпрабаванне. У першую чаргу, псіхалагічнае. Але і Насця, і Алена Уладзіміраўна вераць, што ўсё атрымаецца, бо для гэтага ёсць усе падставы.


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць