Адноўлены музей калгаса імя Сільніцкага

Калгас імя Сільніцкага быў знакамітасцю Полаччыны ў 80-я гады. Ён быў створаны яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. У пасляваенны час яго ўзбуйнілі і гаспадарцы прысвоілі імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Фёдаравіча Сільніцкага.

У 1987 годзе Музей баявой і працоўнай славы калгаса імя М.Ф.Сільніцкага гасцінна расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Велізарная колькасць матэрыялу, дыпломы і Ганаровыя граматы, сцягі, якія былі ўручаны за перамогі ў сацыялістычным спаборніцтве, падарункі і сувеніры калгасу — усё гэта знайшло месца на стэндах музея. І ніхто не ведаў у той час, што музей чакаюць вялікія выпрабаванні.

Складаная эканамічная сітуацыя пасля развалу СССР адбілася і на эканоміцы калгаса. Праблем навалілася столькі, што пэўны час было не да музея. Экспанаты ў будынку без святла і цяпла пачалі хутка старэць і разбурацца. Панадзіліся сюды і злодзеі. Яўген Іванавіч Кімстач усё спадзяваўся, што музей адновіць сваю работу.

І сапраўды, у пачатку лютага гэтага года адбылося адкрыццё экспазіцыі Музея гісторыі калгаса імя Сільніцкага, толькі ўжо ў будынку Сільніцкага СДК. Праўда, за гэты час столькі вады сплыло. І нават назва калгаса памянялася. Цяпер гэта ўжо КУП «Блізніца». Але ведаць і памятаць сваю гісторыю, сваё мінулае мы павінны, інакш не будзем разумець, куды ісці далей. Менавіта так казала, праводзячы першую экскурсію ў Музеі гісторыі калгаса імя Сільніцкага, дырэктар Цэнтра рамёстваў Таццяна Хутарная. У музейных раздзелах «Гэта наша зямля», «Мая работа — маё жыццё», «Толькі наперад», «КУП «Блізніца» расказваецца пра мінулае і сучаснае колісь знакамітага калгаса.

І экспазіцыя будзе расці: у час адкрыцця музей папоўніўся яшчэ адным цікавым экспанатам — чырвоным піянерскім гальштукам, які перадала бібліятэкар Вольга Чобат і які ў дзяцінстве ёй павязаў старшыня Яўген іванавіч Кімстач.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУП «Блізніца» Кацярына Кандыба падзякавала ўсім, хто прымаў удзел і на такім высокім узроўні аднавіў экспазіцыю музея.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ