Памерла Ірына Казуліна

У суботу, 23 лютага, у 19.40 на 49-м годзе жыя памерла Ірына Казуліна, жонка палітвязня Аляксандра Казуліна, які адбывае пакаранне у віцебскай калоніі "Віцьба-3".

Ірына Казуліна з канца дзевяностых хварэла на рак малочнай залозы. З яе хваробай звязаны нядаўнія скандальныя заявы беларускага прэзідэнта. У прыватнасці, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па просьбе еўрапейскіх дыпламатаў ён дазволіў Аляксандру Казуліну суправаджаць жонку на лячэнне ў Германію, але Казулін "адмовіўся яе лячыць", што ёсць асабістай праблемай сям'і Казуліных. Як паведамляюць незалежныя СМІ, Аляксандр Казулін адмовіўся пісаць ліст з просьбай аб памілаванні на імя беларускага прэзідэнта, што было прапанавана яму як умова вызвалення.

Згодна з беларускім заканадаўствам, Аляксандра Казуліна павінны адпусціць на пахаванне жонкі, але як паведамляе БелаПАН са спасылкай на адваката Казуліна Ігара Рынкевіча, кіраўнітва калоніі "Віцьба-3" зацягвае прыняцце рашэння. Старэйшая дачка Казуліна Вольга звярнулася у Генеральную пракуратуру з заявай аб тым, каб яе бацьку адпусцілі на пахаванне, але заяву у яе прыняць адмовіліся.

Паводле начальніка калоніі Віталя Агнісцікава, Казуліну паведамілі аб смерці жонкі толькі з раніцы 24 лютага. Спадар Агнісцікаў распавёў, што размаўляў з Аляксандрам Казуліным, які вельмі цяжка ўспрыняў трагічную навіну, амаль дзве гадзіны. Ці будзе Казулін адпушчаны на пахаванне жонкі, начальнік калоніі пакуль не ведае - у Віцебску чакаюць распараджэння з Мінску.


Падобнае

    6 каментарыяў

    1. Ліхтарык  
      24/люты/2008 у 12:09

      Жудасць. Жалоба.

    2. Praunik  
      24/люты/2008 у 14:55 1

      Вечны адпачынак дай ей, Пане, а святло вечнае няхай ей свеціць. Няхай адпачывае ў супакое вечным. Амен.

    3. Praunik  
      24/люты/2008 у 15:01 2

      Памолімся разам за яе ў панядзелак на імшы ў касцеле св. Барабары а 18-й гадзіне? Пішыце сюды, хто падтрымлівае ідэю - зьбярэмся разам. Паклічце і сяброў!

    4. Алёна  
      24/люты/2008 у 22:43 3

      Светлай жанчыне-светлая памяць. Пэўна у прадчуванні непапраўнага грымелі грымоты у лютым, а у Менску у кветніку зацвіла кветка. Мужная жанчына, праз усе сваё кароткае жыццё, пранесла аднойчы дадзенае слова і пайшла назаўседы не здрадзіўшы ні думкай, ні справай. Жалоба.

    5. Зміцер  
      25/люты/2008 у 1:14 4

      Жалобнае спачуваньне сям’і Казуліных

      23 лютага да Бэльгіі дайшла жалобная навіна пра заўчасную сьмерць спадарыні Ірыны Казулінай, зь якой тутэйшая беларуская грамада мела шчасьце пазнаёміцца год таму ў Еўрапарлямэнце ў Брусэлі.

      З гэтай журботнай нагоды выказваем шчырыя спачуваньні спадару Аляксандру Казуліну і усёй ягонай сям’і, на долю якой за апошні час выпала так шмат жахлівых выпрабаваньняў.

      Сьветлай памяці спадарыня Ірына прадстала перад намі як мужная і, адначасова, сьціплая жанчына, высокай інтэлігентнасьці і прывабнай простасьці.

      Навіна пра яе адыход у Вечнасьць моцна кранула нашыя сэрцы і напоўніла шчырым смуткам. 24 лютага, зграмаджоныя ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве ў Антвэрпане, беларусы маліліся за спачын яе душы ў шчасьлівым Нябесным жытлішчы, дзе ўсе сьвятыя спачываюць.

      Вечная ёй памяць і Нябеснае Валадарства!

      http://bielarus.eu/?q=node/175

    6. Алёна  
      25/люты/2008 у 13:13 5

      Дочкі А.Казуліна выйдуць са свечкамі на Кастрычніцкую плошчу у Менску сёння у 18=00.

    Каментаваць