Міліцыянты сарвалі жалобную імпрэзу ў Віцебску

Сёння ў Мінску прайшла жалобная імпрэза памяці Ірыны Казулінай. Акцыя пачалася ў 18 гадзін на Кастрычніцкай плошчы. Агульная колькасць удзельнікаў акцыі дасягнула 500 чалавек. Людзі неслі свечкі і партрэты Ірыны Казулінай, маліліся.

У Віцебску некалькі мясцовых актывістаў - прадстаўнікі розных палітычных партый - выйшлі ў цэнтр горада са свечкамі і партрэтамі Ірыны Казулінай. Праз пяць хвілін з'явіліся супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС, якія папярэдзілі дэманстрантаў аб адміністрацыйнай адказнасці за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства, заснялі прысутных на відэа і пачалі сціскаць іх у кола. Удзельнікам жалобнай імпрэзы давялося разысціся.
У Мінску удзельнікаў акцыі не чапалі, толькі папярэджвалі, што Кастрычніцкая плошча "не з'яўляецца месцам для выказвання жалобы". Паводле адваката Ігара Рынкевіча, у Мінску падобныя імпрэзы будуць праводзіцца штовечар, пакуль Казуліна не адпусцяць на пахаванне жонкі.
Пахаванне Ірыны Казулінай яе дочкі вырашылі адкласці да таго дня, пакуль іх бацьку не адпусцяць. Ольга і Юлія Казуліны аб'вясцілі галадоўку, якую маюць намер трымаць да тае пары, пакуль Аляксандру Казуліну не дазволяць развітацца з жонкай. Нагадаем: раней была распаўсюджана інфармацыя аб тым, што палітвязень мае намер пачаць сухую галадоўку, калі яго не адпусцяць на пахаванне. Ва ўмовах сухой галадоўкі чалавек можа пражыць самае большае тыдзень.

Паводле паведамленняў БелаПАН, Радыё Свабода.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць