Музей “Эпоха Леніна” у Полацку часова закрыецца, а пасля пашырыцца

Адзіны на Віцебшчыне прыватны музей "Эпоха Леніна", які стварыў жыхар Полацка Мікалай Панкрат, наведваюць не толькі беларусы, але і замежнікі. З моманту адкрыцця экспазіцыі (а гэта адбылося летась у лістападзе, напярэдадні 90-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі) яе бясплатна наведалі 700 чалавек. Сярод іх не толькі жыхары беларускіх гарадоў, але замежныя госці з Германіі, Літвы, Украіны. Наведвае музей, які працуе ў выходныя дні, самая разнастайная публіка: дзеці, пенсіянеры, салдаты, заглядалі сюды і чыноўнікі.

Аднак на пачатку вясны М.Панкрат збіраецца часова закрыць музей для публічнага наведвання. Уладальнік калекцыі хоча добраўпарадкаваць частку вуліцы каля ўласнага дома, на першым паверсе якога і месціцца музей. "Каб не сорамна было перад замежнікамі", - кажа ён. А паколькі экспанатаў сабралася ўжо столькі, што яны не могуць змясціцца толькі на адным паверсе, Мікалай Панкрат плануе адвесці пад артэфакты савецкай эпохі і другі паверх. Магчыма, у перспектыве ягоны прыватны музей будзе ўключаны ў турыстычны маршрут, у які ўваходзяць самыя адметныя месцы Полацка. Прынамсі, па словах калекцыянера, зацікаўленасць у гэтым праявілі мясцовыя ўлады на чале з мэрам горада. Самім палачанам экспазіцыя ўжо не вельмі цікавая, і было б добра, каб з ёй азнаёміліся жыхары іншых краін, лічыць М.Панкрат. Увогуле, на ягоную думку, музей такога кшталту павінен знаходзіцца не на ўскрайку невялікага Полацка, а ў больш буйным горадзе.

У музеі "Эпоха Леніна" знаходзіцца больш за 400 скульптурных выяваў правадыра пралетарыяту - бюстаў, помнікаў і барэльефаў, выкананых з гіпсу, бронзы, медзі і інш. Самы стары экспанат датуецца 1935 годам. Ёсць тут таксама скульптурныя фігуры Горкага, Дзяржынскага, Гагарына, Сталіна, Крупскай, Маркса, Энгельса, Фрунзэ, Ясеніна і іншых дзеячаў савецкай эпохі. Сваю калекцыю Мікалай Панкрат збіраў напрацягу 13 гадоў. Некаторыя экспанаты знаходзіў у розных гарадах і вёсках, у тым ліку на сметніках, а некаторыя набываў ці абменьваў у калег з Беларусі, Расіі, Украіны.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць