У Менску прайшла “Рок-Каранацыя”

Некаторых з уганараваных выканаўцаў віцебскія аматары айчыннай рок-музыкі нядаўна маглі назіраць і на мясцовых пляцоўках.

Літаральна некалькі гадзін таму суддзі агучылі пераможцаў буйнейшай на Беларусі рок-падзеі – "Рок-Каранцыі-2007". Як паведамляе сайт газеты "Наша Ніва", адкрыццём году быў прызнаны гурт «Дзецідзяцей», прызы ў намінацыях "Кліп-году" і "Песня году" атрымаў славуты "Капітал" ЛЯПІСА ТРУБЕЦКОГА. Выканаўца году вызначаўся праз галасаванне на партале "Тузін гітоў" , і найбольш годным у гэтым годзе наведвальнікам "Тузіна" падаўся Лявон Вольскі. Лепшымі фолк-выканаўцамі году сталі OSIMIRA, а тытул рок-князёўны быў аддадзены Вользе Самусік (салістка гуртоў ТАРПАЧ, ZYGIMONT VAZA). Прыемным момантам стала тое, што па выніках "Рок-каранацыі-2007" зорка еўрапейскай фолк-сцэны беларускі гурт ТРОЙЦА дамогся шчыльнай ратацыі на Першым альтэрнатыўным музычным канале Расеі (менавіта такі спецпрыз быў вылучаны каналам A-ONE). Сапраўды, гэта станецца няблагай прэзентацыяй айчыннай музыкі на тэлеэкранах расейскіх гледачоў.

Тыя з віцьбічаў, што не патрапілі на "Рок-каранацыю", але актыўна наведвалі мерапрыемствы прадусарскага цэнтру NO LOGO PROMO, могуць быць упэўненыя, што прынамсі на чатырох намінацыях з адзінаццаці яны адтусаваліся ў родным горадзе. Бо і "Прарыў году" (гурт ФЛЯЎС І КЛЯЙН), і "Праект году" ("Калыханкі" Зьміцера Вайцюшкевіча), і "Альбом году" ("Stasi" НЭЙРА ДЗЮБЕЛЯ) ў тым ці іншым выглядзе прысутнічаў на віцебскіх пляцоўках на працягу апошніх двух месяцаў. Дарэчы, "дзюбеля", якія давалі шыкоўны канцэрт у віцебскай "Зебры" месяц таму, атрымалі і галоўны прыз – Рок-Карону, стаўшыся, такім чынам, у другі раз лепшым рок-гуртом году на Беларусі.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць