Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі сустрэўся з ветэранамі

Адбылася сустрэча прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі Полацкага раёна з архіепіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем.

Спачатку для іх была наладжана экскурсія па Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Ветэранаў азнаёмілі з гісторыяй манастыра, помнікамі дойлідства — Спаса-Праабражэнскай царквой і Крыжаўзвіжанскім саборам, расказалі пра падзвіжніцкі подзвіг святой Еўфрасінні.

Пакуль ветэраны знаёміліся са святынямі, сёстры манастыра рыхтаваліся да сустрэчы: накрылі стол і разам з уладыкам Феадосіем і ігуменняй — матушкай Еўдакіяй, прымалі іх як самых дарагіх гасцей.

Старшыня раённага савета ветэранаў Святлана Сяргееўна Чарняўская расказала, хто ўваходзіць у раённую арганізацыю, пазнаёміла з найбольш актыўнымі яе ўдзельнікамі.

Завязалася цёплая размова. Уладыка Феадосій адзначыў, што для яго гэта вельмі прыемная сустрэча і з ветэранамі раёна яшчэ не даводзілася вось так гутарыць. Выказаў меркаванне наконт наведвання абіцелі, што гэта святая падзея ў іх жыцці: наведванне святынь ніколі не праходзіць бясследна. У такія моманты задумваешся над сэнсам жыцця, над тым, якія маем унікальныя вытокі.

Уладыка Феадосій выказаў думку аб еднасці рускага, украінскага і беларускага народаў, заўважыўшы, што яго родныя па бацьку з Курска, па маці — з Харкава, і ў дадатак ён палачанін, паколькі сан епіскапа атрымаў у Полацку. Падкрэсліў, што зблізіўся з гэтай зямлёй, з людзьмі, якія тут жывуць. Уладыка Феадосій выказаў пажаданне часцей сустракацца і разам працягваць агульную працу па духоўным адраджэнні, таму што спраў на гэтай ніве шмат.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ