Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы! «...Будзьце цвёрдымі, непахіснымі, заўсёды будзьце руплівымі ў справе Гасподняй, ведаючы, што праца ваша не марная перад Госпадам”. (1 Кар. 15: 58)

Каля двух тысячагоддзяў таму гэтым жыццесцвярджальным заклікам святы апостал Павел падбадзёрваў хрысціян горада Карынфа. Настолькі ж важным застаецца гэтае настаўленне і для нас — усіх тых, хто сёння святкуе Светлае Хрыстова Уваскрасенне і сведчыць адзін аднаму і ўсяму свету, што
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

І ў даўнія часы апостальскага дабравесця, і ў нашы дні гэтыя словы пасхальнага вітання выказваюць непарушную аснову хрысціянскай веры. Гэты кароткі сімвал веры змяшчае сэнс зямнога часу; у ім выказана сутнасць Вечнага Жыцця, якое адкрылася роду чалавечаму праз Трохдзённае Уваскрасенне Госпада нашага Іісуса Хрыста.

Цуд Уваскрасення Хрыстовага, які аднойчы здзейсніўся ў гісторыі свету, працягваецца заўсёды: і ў жыцці асобнага чалавека, і ў жыцці цэлых народаў. Усе духоўныя шляхі, усе паломніцтвы думкі і падарожжы душы ў пошуках Бога вядуць у Святы Горад Іерусалім, таму што адтуль, з Жываноснага Гроба Гасподняга выцякае крыніца вады, «што цячэ ў жыццё вечнае» (Ін. 4: 14).

Многія з цяперашніх суайчыннікаў нашых дакрануліся да тайны Уваскрасення, на сваім вяку перажыўшы вялікі цуд ці, прынамсі, стаўшы яго сведкамі. Дваццаць гадоў прайшло з таго часу, калі ўвесь хрысціянскі свет, затаіўшы дыханне, сачыў за здзяйсненнем сапраўды пасхальнага таінства на зямлі нашай Айчыны. Мы памятаем, як па гэтай зямлі на працягу сямі дзесяцігоддзяў праносіліся буры багаборніцтва, уздымаліся віхуры грамадзянскіх смут, каціліся хвалі вогненных ваенных выпрабаванняў…

І вось, нарэшце, у 1988 годзе краіна Саветаў апынулася перад юбілеем 1000-годдзя Хрышчэння Русі. Гэтая падзея праславіла і асвяціла землі Святой Русі на стагоддзі, але была адвергнута мяцежным пакаленнем і забыта на дзесяткі гадоў.
Урачыстасці ў гонар 1000-гадовага царкоўна-гістарычнага юбілею сталі лёсавызначальнымі для народаў вялікай краіны. Праваслаўная Царква была тады ў прамым сэнсе «малым стадам» сярод сваіх суграмадзян. Але мы памяталі абяцанні Хрыста Спасіцеля і кіраваліся Яго словамі, бо Ён звяртаў іх да сэрца кожнага з нас: «Не бойся, малое стада! бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства» (Лк. 12: 31–32)!

Тады многія лічылі, што святкаванне гэтай гадавіны не выйдзе за цесныя ў тыя часы царкоўныя межы і застанецца будзённай падзеяй, якая не будзе мець значэння для «працоўных мас». Але гарачыя малітвы, духоўныя намаганні і хрысціянскія подзвігі набожных продкаў нашых не засталіся толькі ў мінулым. Яны прарасталі ў XX стагоддзі парасткамі веры ў свядомасці людзей, яны арашалі духоўную глебу чалавечых сэрцаў слязамі па страчанай хрысціянскай спадчыне. Агеньчыкі веры, якія неспадзявана запальваліся, нярэдка ператвараліся ў свяцільнікі, што прыводзілі да святла Божага тых, хто не хацеў увесь век блукаць у цемры.

У дні, тыдні і месяцы святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі сотні тысяч, а неўзабаве — мільёны людзей ва ўсіх канцах дзяржавы пачалі ўсведамляць, што ўсе мы, паводле задумы Тварца і паводле слова Апостала, не «масы», а — «суграмадзяне святым і свае для Бога» (Эф. 2: 19).

Векавая памяць абуджалася ў людзях і нагадвала нам, што ўсе мы — адной крыві са сваімі хрысціянскімі папярэднікамі, і дзякуючы ім, наша кроў таксама супрычасная Крыві Госпада Іісуса Хрыста, якая стагоддзямі абагаўляла целы і душы воінаў Хрыстовых, грамадзян Святой Русі, падданых Нябеснага Цара.
Сёння, праз дваццаць гадоў, мы сведчым пра здзяйсненне ў канцы 1980-х гадоў цуду духоўнага Уваскрасення нашай Айчыны. Урачыстасці ў гонар 1000-годдзя Хрышчэння Русі перараслі ў агульнанароднае Хрышчэнне тых, што пачалі ўсведамляць сябе наследнікамі вялікай гістарычнай спадчыны, пажадалі ўступіць у свае духоўныя правы і прымножыць хрысціянскую славу продкаў.

Прарочым стала выказванне Маскоўскага мітрапаліта Філарэта (Драздова) пра падзею Светлага Хрыстовага Уваскрасення, якое ён прамовіў у сярэдзіне XIX стагоддзя. Велічным рэхам адгукнуліся на мяжы XX і XXI стагоддзяў словы свяціцеля: «Пячатка, накладзеная нявер’ем на халодны гроб Госпада, растала ад агню Бажаства, што ў ім таіўся; цяжкі камень спакусы, які закрываў яго, упаў...».

Адзначаючы ў новых гістарычных умовах тысяча дваццатую гадавіну Хрышчэння Русі, мы пакліканы ўзгадаць не толькі подзвіг святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра і дзеянні яго паплечнікаў. Нам, сённяшнім, неабходна з асаблівай яснасцю ўсвядоміць адзінства купелі Хрышчэння, якім аб’яднаны братнія народы Святой Русі.

Мы пакліканы натхніцца тым надзвычайным духоўным уздымам, які перажывалі хрысціянскія рупліўцы ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Бо тады многія ўпершыню, а таму — з асаблівай радасцю адчулі слодыч свабоды, знойдзенай імі ў Хрысце. У навуковых кабінетах і ў калідорах ўлады, на царкоўных і манастырскіх будаўнічых пляцоўках і ў вучэбных аўдыторыях, у храмах Гасподніх і ў сямейных колах адбывалася адраджэнне хрысціянскага гонару і гістарычнай годнасці людзей і народаў.
У час роздумаў пра падзеі тых дзён і тых гадоў, на памяць прыходзяць словы Псалтыра, якія тлумачаць натхненне людзей: «Што пачулі мы і даведаліся, і бацькі нашы расказалі нам, не скрыем... абвяшчаючы роду наступнаму славу Госпада, і сілу Яго, і цуды Яго, якія Ён здзейсніў» (Пс. 77: 3- 4).

За дваццаць гадоў Святая Царква, краіна і людзі змяніліся настолькі значна, што змены, якія адбыліся па волі Божай, мы называем такімі словамі, як «Уваскрасенне» і «Праабражэнне». Бо для нас натуральна суадносіць тое, што адбываецца ў нашым зямным жыцці, з Евангельскімі падзеямі і з жыццём Іісуса Хрыста.

Кожны з нас пакліканы Маці-Царквой да асаблівага асэнсавання пражытага перыяду часу, да гістарычнай і духоўнай ацэнкі спраў, якія выкананы, і задум, якім належыць ажыццявіцца. Менавіта дзеля гэтага ў бягучым 2008 годзе ўся паўната нашай Праваслаўнай Царквы будзе праводзіць святкаванне ў гонар 1020-годдзя Хрышчэння Русі.
Як і Уваскрасенне Хрыстова, адраджэнне Маці-Царквы і святога Праваслаўя не ўсімі было ўспрынята з радасцю. Як узводзілі паклёп на апосталаў, — так бывалі абылганы і хрысціянскія падзвіжнікі нашага часу; як змагалася першахрысціянская Царква з ерасямі і разнадумствам, — так і ў нашы дні яе ўзрушваюць выбухі сябелюбства і гардыні не толькі мяцежных сыноў веку гэтага, але і людзей унутрыцаркоўнага асяроддзя.

Цярплівасцю і лагоднасцю пераадольвае Царква такія хваробы і бязладдзе, бо яны выкліканы грахоўнасцю волі і слабасцю розуму. Наша справа — стаяць у веры і, па прыкладу Хрыста Спасіцеля, цярпліва ставіцца да немачаў чалавечых. Бо і сотні, і тысячы гадоў справядлівымі застаюцца словы, сказаныя Госпадам прароку Іезекіілю: «Ці будуць яны слухаць, ці не будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў прарок сярод іх» (Іез. 2: 3–8).

Узлюбленыя браты і сёстры! Захоўвайце сваю радасць аб Уваскрасенні Хрыстовым ва ўсе дні і імгненні вашага жыцця! Нясіце яе людзям і шчодра дзяліцеся з імі яе пладамі! Бо Хрыстос уваскрэс дзеля ўсіх, і нам трэба памятаць, што толькі Яму належыць права выбіраць Сабе наследдзе з асяродку людзей.

Будзем умацоўвацца пасхальнай радасцю ў выпрабаваннях і ў горы, бо ўсё міне, а радасць Уваскрасення Хрыстовага не адымецца ў нас!

Вітаю ўсіх, хто заклікае імя Гасподняе і славіць Яго Трохдзённае Уваскрасенне ў іншых краінах і народах!
Браты і сёстры, сябры мае! Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Амінь.

Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Пасха Хрыстова, 2008 год, Мінск


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць