У Полацку адбудзецца фестываль сярэдневяковай культуры «Рубон»

Захапленне сярэдневяковай культурай — з'ява для Полацка не новая. У нашым рэгіёне існуюць рыцарскія клубы — «Легенда», «Вольныя рыцары», «Жалезны воўк», «Полацкая харугва», «Чорны Война», а таксама тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз». Менавіта яму належыць ідэя стварэння ў самым старажытным горадзе Беларусі, на радзіме вялікага полацкага князя Усяслава Брачыславіча, фестывалю сярэдневяковай культуры «Рубон», які адбудзецца 17 і 18 мая, падчас святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 1146-годдзя нашага горада.

«Чаму ў фестывалю такая дзіўная назва?» — спытаецеся вы. Насамрэч, яна даволі звычайная, асабліва для беларускіх гісторыкаў. «Рубон» — гэта старажытная назва Заходняй Дзвіны, а таксама баявы кліч полацкіх ваяроў.

Месцам для правядзення фестывалю абрана гістарычная частка горада — поле на тэрыторыі мікрараёна «Запалоцце» каля Палаты, насупраць Верхняга Замка. Такое размяшчэнне дазваляе арганізаваць унікальнае для Беларусі тэатралізаванае прадстаўленне — фарсіраванне ракі з узяццем замка на гары. Ён зараз ствараецца, прыкладна на тым месцы, дзе размяшчаўся больш за 5 стагоддзяў таму, сіламі навучэнцаў ГТТВ-66 будаўнікоў. Пры ўзяцці замка плануецца нават прымяніць асадную зброю.

Асаблівасць фестывалю яшчэ і ў тым, што адбудуцца як традыцыйныя рыцарскія турніры для цяжка ўзброеных латнікаў, так і «ратна кола» для лёгка ўзброеных ваяроў. Палачане змогуць пабачыць і найбольш цікавыя масавыя бітвы — бугурты. Будуць арганізаваны спаборніцтвы лучнікаў. Усяго ў фестывалі сярэдневяковай культуры «Рубон» прымуць удзел каля 150 рыцараў.

Гледачы таксама змогуць паспрабаваць свае сілы ў славянскіх ігрышчах — стральбе з лука, кіданні суліцы (старажытнага кап'я), скоках ў сабатонах (вялікіх жалезных ботах), Будзе арганізаваны святочны гандаль, чакаецца прыезд шматлікіх рамеснікаў — ювеліраў, кавалёў, ганчароў,ткачоў, гарбароў.

На фестываль запрошаны вядомыя гурты сярэдневяковай і архаічнай музыкі «Osimira», «Guda», «На скрыжаваннях», «Перекресток», «Княжыч». Адбудуцца прадстаўленні батлейкі (беларускага тэатра лялек) у выкананні Узорнага юнацкага тэатра-студыі «Гармонія» і тэатралізаваныя мініяцюры тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз». Спецыяльным госцем свята стане вядомы беларускі гурт «Стары Ольса».


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць