Першая прыгажуня краіны любіць беларускую мову і гісторыю

“Міс Беларусь-2008” віцябчанка Вольга Хіжанкова 12 траўня ўдзельнічала ў он-лайн канферэнцыі «Белорусских новостей». Дзяўчына, шчыра адказваючы на пытанні, прызналася, у прыватнасці, што размаўляе па-беларуску і вельмі цікавіцца беларускай гісторыяй.

Прыводзім два ўрыўкі з канферэнцыі, дзе “Міс Беларусь-2008” адказвае па-беларуску.

— Вольга, у Вас такая тыповая беларуская прыгажосьць. А як у Вас зь беларускасьцю? Маю на ўвазе мову, гісторыю і літаратуру нацыі...

Вольга: — Па-беларуску размаўляю, але, на жаль, вельмі рэдка. Увогуле я скончыла беларускамоўную школу, дзе ўсе дысцыпліны выкладаліся на беларускай мове. Гуманітарныя навукі былі для мяне больш любімымі, у адрозненні ад навук дакладных. Вельмі цікаўлюся беларускай гісторыяй, люблю наведваць розныя беларускія гарады і мястэчкі, музеі... А мой любімы беларускі пісьменнік — Якуб Колас, яго «Новая зямля» і «Сымон-музыка» — тыя творы, што, на маю думку, зьяўляюцца прыкладам беларускасьці і народнасьці.

— З Вамі часта знаёмяцца на вуліцы? Як Вы ставіцеся да такіх знаёмстваў?

Вольга: — Спрабуюць пазнаёміцца — часта. Але гэта ніколі ў іх не ўдавалася. Я не хачу сказаць, што такія знаёмствы — дрэнныя. Магчыма, некаму з такімі знаёмствамі і шанцуе. Гэта проста не маё.

Вольга таксама распавяла, што ўжо пачала рыхтавацца да ўдзелу ў конкурсе «Міс свету- 2008», які пройдзе ў кастрычніку ў Кіеве. Акрамя таго, ёй паступіла прапанова выкладаць дэфіле ў Нацыянальнай школе прыгажосці.

Па яе словах, зараз будуць афармляцца дакументы на кватэру ў Мінску, якую яна выйграла. Пасля завяршэння гэтых фармальнасцей прыгажуня плануе пераехаць у сталіцу, дзе будзе працаваць і вучыцца. Сёлета дзяўчына збіраецца паступаць на філалагічны факультэт.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць